«Пуцін страчвае кантроль над сітуацыяй»
6- 14.05.2026, 7:59
- 6,590
Крэмль заходзіць у «канчатковы тупік».
Палітычны рэжым крамлёўскага дыктатара Уладзіміра Пуціна ўваходзіць у фазу звужэння магчымасцей як ва ўнутранай, так і ў знешняй палітыцы, а ў выпадку інерцыйнага працягнення вайны Расія можа сутыкнуцца з сістэмным тупіком цягам бліжэйшых 8–12 месяцаў. Пра гэта ў інтэрв’ю «Главреду» распавёў палітычны філосаф, выкладчык Карлава ўніверсітэта ў Празе і кіраўнік Інстытута свабоднай Расіі Аляксандр Марозаў.
Паводле яго ацэнкі, ключавая праблема Крэмля цяпер заключаецца не толькі ў эканамічных абмежаваннях, але перадусім у палітычным «калідоры рашэнняў», які істотна звузіўся. Пуцін, паводле слоў эксперта, апынуўся на распуце: або шукаць спосаб завяршэння вайны, або працягваць яе без выразнага тлумачэння канчатковых мэт для грамадства.
«Працягваць вайну так, як ён вёў яе чатыры гады, ён больш не можа. Гэта адчуваецца вельмі выразна», — адзначае Марозаў.
Эксперт падкрэсліў, што адной з галоўных праблем стала адсутнасць зразумелага «гарызонту завяршэння» вайны для расійскага насельніцтва. Калі раней улада магла тлумачыць мэты так званай «ОСО», то цяпер, паводле яго слоў, «гэта ніхто не разумее».
Эканамічны ціск і рызыка тупіка
Асобна Марозаў звяртае ўвагу на страту знешнепалітычных чаканняў, у прыватнасці адносна магчымага ціску ЗША на Украіну. Паводле яго слоў, раней у расійскім інфармацыйным полі актыўна прасоўваўся наратыў пра тое, што «вось цяпер Трамп націсне на Кіеў, і ўсё пойдзе па-іншаму», аднак гэты фактар больш не працуе.
Таксама, паводле ацэнкі эксперта, не рэалізуецца сцэнарый хуткага ваеннага выніку на Данбасе, які мог бы быць прадстаўлены як «завяршэнне» вайны. Баявыя дзеянні за ключавыя агламерацыі працягваюцца і не маюць прагназуемага фіналу.
Марозаў асобна ўказвае на пагаршэнне ўнутрыэканамічнай сітуацыі ў РФ. На яго думку, перыяд фінансавых стымулаў, які назіраўся ў 2023–2024 гадах, заканчваецца, затое расце фіскальная нагрузка на насельніцтва.
«Калі тры гады таму захоўваўся баланс «пернікаў» і страт, дык цяпер ён знік», — адзначае ён, дадаючы, што ў грамадстве растуць асцярогі адносна магчымых замарожванняў зберажэнняў, павышэння падаткаў і новых фінансавых збораў.
Паводле меркавання Марозава, пры захаванні цяперашняй інерцыйнай мадэлі вядзення вайны Расія можа зайсці ў «канчатковы тупік» як у ваенна-палітычным, так і ў сістэмным вымярэнні ўжо цягам бліжэйшых 8–12 месяцаў.