14 траўня 2026, Чацвер, 13:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсійная сістэма ў Беларусі — пад пагрозай

13
Пенсійная сістэма ў Беларусі — пад пагрозай

Беларусаў старэйшых за 65 гадоў у краіне ўжо прыкметна больш, чым дзяцей маладзейшых за 15 гадоў.

У Беларусі трэці год запар імкліва расце паказчык, які сведчыць пра дэмаграфічнае старэнне. Гаворка пра каэфіцыент старэння насельніцтва. Сёлета ён дасягнуў 120,2%. Гэта значыць, што людзей старэйшых за 65 гадоў у краіне ўжо прыкметна больш, чым дзяцей маладзейшых за 15 гадоў. Такі перакос можа ўзмацніць нагрузку на пенсійную сістэму — у будучыні працуючым беларусам будзе ўсё складаней утрымліваць пажылых. Нагадаем, у Беларусі дзейнічае салідарная пенсійная сістэма — страхавыя ўзносы працуючых ідуць на выплаты тым, хто цяпер на заслужаным «адпачынку», піша «Зеркало».

Каэфіцыент старэння насельніцтва, паводле дадзеных Белстата, на пачатку гэтага года падскочыў да 120,2%. Ён адлюстроўвае суадносіны паміж колькасцю людзей старэйшых за 65 гадоў і дзяцей маладзейшых за 15 гадоў. Напрыклад, значэнне 100% азначае, што на кожнага пажылога жыхара прыпадае адно дзіця. Калі каэфіцыент перавышае 100%, гэта сведчыць пра тое, што першых становіцца адпаведна больш, чым другіх.

Упершыню ў Беларусі гэты паказчык перавысіў названы парог у пачатку 2024-га і дасягнуў 105,4%, летась ён даходзіў да 112,6%.

Найгоршая сітуацыя ў Віцебскай вобласці, дзе на 100 дзяцей да 15 гадоў прыпадае 148,7 беларусаў трэцяга ўзросту. Найлепшая сітуацыя ў Брэсцкай вобласці — там каэфіцыент складае 107%.

Чаму гэта важна

Гэты паказчык дэманструе перакос ва ўзроставых групах і з’яўляецца прыкметай дэмаграфічнага старэння.

Такі дыбаланс можа прывесці да шэрагу праблем. У сувязі з тым, што ў Беларусі дагэтуль дзейнічае савецкая салідарная пенсійная сістэма, для забеспячэння выплатамі цяперашніх (а ў перспектыве і будучых) пенсіянераў важная колькасць працаздольных і занятых грамадзян, якія плацяць узносы. Менавіта за кошт такіх выплат людзі на заслужаным адпачынку атрымліваюць пенсіі.

Калі цяпер частка дзяцей становіцца ўсё меншая, а тых, хто выходзіць на пенсію, — усё большая, то калі непаўналетнія дасягнуць працаздольнага ўзросту, іх узносаў можа не хапіць, каб плаціць прыстойныя (ці хаця б зносныя, як цяпер) пенсіі. А дзяржаўны бюджэт не мае столькі лішніх грошай, каб закрываць усё большую дзірку. Адпаведна, уладам давядзецца альбо зніжаць памер пенсій, альбо павялічваць памер сацыяльных узносаў для працуючага насельніцтва, тлумачыў раней эканаміст Леў Львоўскі.

Аналітык адзначаў, што цяпер на дзесяць занятых у эканоміцы прыпадае прыблізна чатыры пенсіянеры. Раней чакалася, што праз 25 гадоў тыя ж дзесяць занятых будуць фактычна ўтрымліваць ужо шасцярых атрымальнікаў пенсій. Але з улікам абноўленых дэмаграфічных дадзеных гэтая нагрузка можа аказацца яшчэ большай.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках