Штучны інтэлект раскрыў таямніцу Эль Грэка
- 22.04.2026, 12:41
- 2,142
Хто насамрэч стварыў «Хрышчэнне Хрыста»?
Штучны інтэлект дапамог мастацтвазнаўцам наблізіцца да разгадкі адной з самых вядомых таямніц іспанскага Адраджэння – аўтарства карціны «Хрышчэнне Хрыста».
Доўгі час лічылася, што палатно, створанае майстрам Эль Грэка, пасля яго смерці ў 1614 годзе завяршыў яго сын Хорхе Мануэль. Аднак новае даследаванне, апублікаванае ў часопісе Science Advances, ставіць гэтую версію пад сумнеў.
Каманда вучоных ужыла методыку пад назвай PATCH, якая спалучае 3D-сканаванне паверхні карціны і аналіз мазкоў пэндзля з дапамогай канвалюцыйных нейронных сетак. Сістэма разбівае палатно на мікраскапічныя фрагменты і параўноўвае іх тэкстуру, вызначаючы, ці належаць яны аднаму аўтару.

Вынікі аналізу сотняў дзялянак «Хрышчэння Хрыста» і іншых працаў майстра паказалі аднародную манеру пісьма, якую даследчыкі звязваюць менавіта з Эль Грэка. Гэта можа сведчыць пра тое, што значная частка карціны была выкананая асабіста мастаком, а не дапісаная вучнямі або сваякамі.

Акрамя таго, сістэма паспяхова адрозніла працы розных вучняў майстэрні з высокай дакладнасцю, што пацвярджае яе эфектыўнасць у распазнаванні аўтарскага почырку.
Хоць даследчыкі папярэджваюць, што ўплыў часу і пашкоджанні палотнаў могуць ускладняць аналіз, новая тэхналогія ўжо лічыцца перспектыўным інструментам для атрыбуцыі твораў мастацтва.