22 красавiка 2026, Серада, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Крамля не засталося ніводнага рашэння

1
У Крамля не засталося ніводнага рашэння

Нават замарожванне вайны не ўратуе Пуціна.

У эканоміцы — катастрофа, на фронце — катастрофа, з саюзнікамі — катастрофа. Але нават замарожванне вайны не ўратуе Пуціна. Патлумачу, чаму

Спачатку грубая ацэнка: колькі расіян сёння наўпрост або ўскосна працуе на вайну.

Колькасць Узброеных сіл — каля 1,5 мільёна чалавек. З іх непасрэдна ў зоне баявых дзеянняў — каля 700 000. Плюс Расгвардыя — каля 340 000. Плюс ФСБ, ФСО, ФСІН — яшчэ некалькі сотняў тысяч. Агульная колькасць людзей у сілавых структурах — парадку 2,5 мільёна.

У ваенна-прамысловым комплексе непасрэдна занята каля 3,5 мільёна чалавек. Плюс сумежныя галіны, якія таксама сёння ў асноўным працуюць на вайну. Металургія (сталь, тытан, алюміній), хімія (порах, выбухоўка, кампазіты), электроніка (кожная ракета — гэта чыпы, платы, раз’ёмы), машынабудаванне агульнага прызначэння, лагістыка, транспарт. Гэта яшчэ каля 2–3 мільёнаў працоўных месцаў, у асноўным завязаных на ваенны заказ.

Заробкі ў ВПК выраслі ў разы, што перацягнула работнікаў з іншых галін.

Плюс дзяржаўны апарат. Плюс дзяржаўныя СМІ, Z-блогеры, патрыятычныя некамерцыйныя арганізацыі, ваенкоры, усе структуры, што займаюцца мабілізацыяй і зборам грошай для фронту, — яшчэ некалькі соцень тысяч.

Што будзе, калі проста цяпер вайна скончыцца?

Плюс іх сям’і. У мабілізаваных і кантрактнікаў могуць быць жонка, дзеці, бацькі, якія таксама з’яўляюцца выгодапрыбытальнікамі вайны: сотні тысяч рублёў пад’ёмных, заробак кантрактніка 200–300 тысяч рублёў у месяц — што ў разы больш, чым сярэдні заробак у іх рэгіёнах, — выплаты параненым і сем’ям загінулых. Разам: каля 15–20 мільёнаў расіян атрымліваюць істотную частку даходаў ад ваеннай эканомікі.

Што будзе, калі проста цяпер вайна скончыцца?

Праблема № 1 — адразу пачнецца эканамічны шок ад скарачэння ваенных выдаткаў. Сёння гэта каля 7–8% ВУП паводле афіцыйных даных, і недзе ў раёне 10–12% паводле рэальных. Крэмль адчайна спрабуе схаваць рэальныя лічбы. Большая частка гэтых грошай ідзе ў вытворчыя ланцужкі ўнутры краіны — заробкі растуць, крэдытаванне абароннага сектара беспрэцэдэнтнае.

Што адбудзецца пры спыненні?

Умоўны ланцужок: кантракты на танкі скарачаюцца на 70% — Уралвагонзавод у Ніжнім Тагіле губляе заказ — 15–20 тысяч работнікаў пераводзяцца на скарочаны працоўны дзень або звальняюцца — падае попыт на сталь і электроніку — падае загрузка ў сумежнікаў — падаюць даходы ў рэгіёне — падаюць падаткі — рэгіён просіць датацый з федэральнага бюджэту, у якім грошай даўно няма.

Гэта класічная рэцэсія «ад дэмабілізацыі», якая гістарычна здараецца пасля кожнай вялікай вайны. У ЗША пасля 1945 года спад ВУП у 1946 годзе склаў каля 11%, і толькі маштаб амерыканскай грамадзянскай эканомікі дазволіў хутка перабудавацца. У СССР 1990-х гадоў канверсія ВПК прайшла катастрафічна — заводы проста спыніліся, і мільёны кваліфікаваных рабочых пайшлі ў бандыты і ў чаўнакі.

Праблема № 2 — вяртанне салдат. Паводле розных ацэнак, праз вайну прайшло каля мільёна расіян (уключаючы ратацыі, мабілізаваных, кантрактнікаў, зэкаў са «Шторм Z» і «Вагнера»). Частка з іх загінула або пакалечана, астатнія па заканчэнні вайны вернуцца дадому. Гэта людзі з баявым досведам і, што значна важней, — са зброяй або доступам да яе.

Гэта людзі, якія атрымлівалі 200–300 тысяч рублёў у месяц — у тры–пяць разоў больш, чым у сябе дома. Ім абяцалі статус герояў. У іх ёсць льготы, баявыя ўзнагароды і ўпэўненасць, што яны — героі. Што яны атрымаюць? Занятасць у ВПК ужо сціснутая, грамадзянскіх працоўных месцаў з такімі заробкамі няма, героямі іх ужо ніхто лічыць не будзе — вы ж за грошы ішлі.

700 000 навучаных, узброеных і пакрыўджаных людзей у краіне — гэтага больш чым дастаткова, каб узарваць Расію знутры. І галоўнае — гэтыя людзі арганізаваныя. У іх ёсць сеткі, чаты, камандзіры, знаёмыя, баявыя брацтвы. У Германіі пасля Першай сусветнай вярнуліся 6 мільёнаў расчараваных ветэранаў, і з іх асяроддзя выраслі і СС, і ідэалогія «пакуль мы ваявалі, нас ударылі нажом у спіну».

Праблема № 3 — ідэалагічная. Сёння Расія кантралюе менш тэрыторыі ва Украіне, чым чатыры гады таму. Кіеў за тры дні не атрымаўся. Украіна засталася свабоднай і стала значна мацнейшай, чым была да вайны, уся прафесійная расійская армія знішчана, Чарнаморскі флот патоплены, баявой авіяцыі амаль не засталося, сілы СПА разгромленыя. Увесь велізарны стратэгічны рэзерв, назапашаны яшчэ СССР, згарэў у топцы вайны, санкцыі ніхто здымаць не будзе, страты і збыткі — каласальныя. «За што мы пралівалі нашу кроў?»

Праблема № 4 — элітны раскол. Вайна стварыла новае пакаленне выгодапрыбытальнікаў: камандзіры, што зарабілі мільярды на вайне, ваенныя блогеры з мільённай аўдыторыяй, чэкісты, прамыслоўцы з ВПК (якія цяпер уваходзяць у лік самых багатых расіян). Гэта новая эліта з уласнымі інтарэсамі. Пры замарожванні вайны яны страчваюць усё — статус, бюджэты, доступ. А гэта людзі з рэсурсамі і са зброяй. Найбольш дальнабачныя з іх ствараюць уласныя ўзброеныя фармаванні. І гэта не толькі Чачня.

Праблема № 5 — рэгіянальная. Вайна згладзіла няроўнасць паміж беднымі рэгіёнамі і цэнтрам праз выплаты салдатам. Бурятыя, Тыва, Каўказ — туды пайшлі грошы, якіх яны не бачылі гадамі. У сельскай мясцовасці бедных рэгіёнаў выплата сям’і загінулага (5–7 мільёнаў рублёў) — гэта пераход сям’і з жабрацтва ў сярэдні клас. Пры спыненні вайны гэты трансфер знікае.

І ўсё гэта ў сітуацыі, калі санкцыі дзейнічаюць, тэхналагічны разрыў расце, дэмаграфія пагаршаецца, грамадская стомленасць назапашваецца.

Крэмль апынуўся ў пастцы, калі зацягванне вайны здаецца таннейшым, чым яе спыненне, але ў доўгатэрміновай перспектыве вядзе да ўсё большых праблем.

Чым даўжэй ідзе вайна, тым складаней з яе выйсці. Але працягваць яе ўжо смяротна небяспечна. Упершыню можна сумленна сказаць, што Украіна пачынае выйграваць гэтую вайну.

Дзмітрый Чарнышэў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках