Нават замарозка вайны не ўратуе Пуціна
7- Дзмітрый Чарнышэў
- 8,310
У Крамля не засталося ніводнага рашэння, якое не прывядзе рэжым да краху.
У эканоміцы — катастрофа, на фронце — катастрофа, з саюзнікамі — катастрофа. Але нават замарозка вайны не ўратуе Пуціна. Патлумачу — чаму.
Спачатку грубая ацэнка — колькі расіян сёння наўпрост або ўскосна працуюць на вайну.
Чысленнасць узброеных сіл у 2024–2025 гадах — каля 1,5 мільёна чалавек. З іх непасрэдна ў зоне баявых дзеянняў — каля 700 тысяч. Плюс Расгвардыя — каля 340 тысяч. Плюс ФСБ, ФСО, ФСІН — яшчэ некалькі сотняў тысяч. Агульная колькасць людзей у сілавых структурах — парадку 2,5 мільёнаў.
У ВПК непасрэдна занята каля 3,5 мільёна чалавек. Плюс сумежныя галіны, якія таксама сёння пераважна працуюць на вайну: металургія (сталь, тытан, алюміній), хімія (парахі, выбухоўка, кампазіты), электроніка (кожная ракета — гэта чыпы, платы, раз'ёмы), машынабудаванне агульнага прызначэння, лагістыка, транспарт. Гэта яшчэ каля 2–3 мільёнаў працоўных месцаў, у асноўным завязаных на ваенны заказ. Заробкі ў ВПК выраслі ў разы, што перацягнула работнікаў з іншых галін.
Плюс дзяржаўны апарат. Плюс дзяржаўныя СМІ, Z-блогеры, патрыятычныя НКА, ваенкары, усе структуры, што займаюцца мабілізацыяй і зборам грошай для фронту, — яшчэ некалькі сотняў тысяч.
Плюс іх сем'і. У мабілізаваных і кантрактнікаў могуць быць жонка, дзеці, бацькі, якія таксама з'яўляюцца бенефіцыярамі вайны: сотні тысяч рублёў пад'ёмных, заробак кантрактніка 200–300 тысяч рублёў у месяц (што ў разы больш, чым сярэдні заробак у іх рэгіёнах), выплаты параненым і сем'ям загінулых. У выніку: каля 15–20 мільёнаў расіян атрымліваюць істотную частку даходаў ад ваеннай эканомікі.
Што будзе, калі проста цяпер вайна скончыцца?
Праблема №1 — адразу пачнецца эканамічны шок ад скарачэння ваенных выдаткаў. Ваенныя выдаткі сёння — каля 7–8% ВУП паводле афіцыйных даных і дзесьці ў раёне 10–12% паводле рэальных. Крэмль адчайна спрабуе схаваць сапраўдныя лічбы. Большая частка гэтых грошай ідзе ў вытворчыя ланцужкі ўнутры краіны — заробкі растуць, крэдытаванне абароннага сектара беспрэцэдэнтнае.
Што адбудзецца пры спыненні. Умоўны ланцужок: кантракты на танкі скарачаюцца на 70% — УВЗ у Ніжнім Тагіле губляе заказ — 15–20 тысяч работнікаў пераводзяцца на скарочаны працоўны дзень або звальняюцца — падае попыт на сталь і электроніку — змяншаецца загрузка ў сумежнікаў — падаюць даходы ў рэгіёне — падаюць падаткі — рэгіён просіць датацый з федэральнага бюджэту, у якім даўно няма грошай. Гэта класічная рэцэсія «ад дэмабілізацыі», якая гістарычна здараецца пасля кожнай вялікай вайны. У ЗША пасля 1945 года спад ВУП у 1946-м склаў каля 11%, і толькі маштаб амерыканскай грамадзянскай эканомікі дазволіў хутка перабудавацца. У СССР 1990-х гадоў канверсія ВПК прайшла катастрафічна — заводы проста спыніліся, і мільёны кваліфікаваных рабочых пайшлі ў бандыты і ў чоўначнікі.
Праблема №2 — вяртанне салдат. Паводле розных ацэнак, праз вайну прайшло каля мільёна расіян (уключаючы ротацыі, мабілізаваных, кантрактнікаў, зэкаў з «Шторм Z» і «Вагнера»). Частка з іх загінула або пакалечаная, астатнія пры заканчэнні вайны вернуцца дадому. Гэта людзі з баявым досведам і, што значна важней, — са зброяй або з доступам да яе.
Гэта людзі, якія атрымлівалі 200–300 тысяч рублёў у месяц — у тры-пяць разоў больш, чым у сябе дома. Ім абяцалі статус герояў. У іх ёсць льготы, баявыя ўзнагароды і ўпэўненасць, што яны — героі. Што яны атрымаюць? Занятасць у ВПК ужо сціснутая, грамадзянскіх працоўных месцаў з такімі заробкамі няма, героямі іх ужо ніхто лічыць не будзе — вы ж за грошы ішлі.
700 тысяч навучаных, узброеных і пакрыўджаных людзей у краіне — гэта больш чым дастаткова, каб узарваць Расію знутры. І галоўнае — гэтыя людзі арганізаваныя. У іх ёсць сеткі, чаты, камандзіры, знаёмыя, баявыя брацтвы. У Германію пасля Першай сусветнай вярнуліся шэсць мільёнаў расчараваных ветэранаў, і з іх асяроддзя выраслі і СС, і ідэалогія «пакуль мы ваявалі, нам ударылі нажом у спіну».
Праблема №3 — ідэалагічная. Сёння Расія кантралюе меней тэрыторыі ва Украіне, чым чатыры гады таму. Кіеў за тры дні не атрымаўся. Украіна засталася вольнай і стала значна мацнейшай, чым была да вайны, уся прафесійная расійская армія знішчаная, Чарнаморскі флот патоплены, баявой авіяцыі амаль не засталося, СПА разгромленая, увесь вялізны стратэгічны рэзерв, накаплены яшчэ СССР, згарэў у топцы вайны, санкцыі ніхто здымаць не будзе, страты і ўбыткі — каласальныя. За што мы пралівалі нашу кроў?
Праблема №4 — элітны раскол. Вайна стварыла новае пакаленне бенефіцыяраў: камандзіры, што зарабілі мільярды на вайне, ваенныя блогеры з мільённай аўдыторыяй, чэкісты, прамыслоўцы з ВПК (якія цяпер уваходзяць у лік самых багатых расіян). Гэта новая эліта з уласнымі інтарэсамі. Пры замарожванні вайны яны губляюць усё — статус, бюджэты, доступ. А гэта людзі з рэсурсамі і са зброяй. Найбольш дальнабачныя з іх ствараюць уласныя ўзброеныя фармаванні. І гэта не толькі Чачня.
Праблема №5 — рэгіянальная. Вайна згладзіла няроўнасць паміж беднымі рэгіёнамі і цэнтрам праз выплаты салдатам. Бурація, Тыва, Каўказ — туды пайшлі грошы, якіх яны не бачылі гадамі. У сельскай мясцовасці бедных рэгіёнаў выплата сям'і загінулага (5–7 мільёнаў рублёў) — гэта пераход сям'і з убоства ў сярэдні клас. Пры спыненні вайны гэты трансферт знікае.
І ўсё гэта ў сітуацыі, калі санкцыі дзейнічаюць, тэхналагічны разрыў расце, дэмаграфія пагаршаецца, грамадская стомленасць назапашваецца. Крэмль апынуўся ў пастцы, калі зацягванне вайны здаецца таннейшым, чым яе спыненне, але ў доўгатэрміновай перспектыве вядзе да ўсё большых праблем. Чым даўжэй ідзе вайна, тым складаней з яе выйсці. Але працягваць вайну ўжо смяротна небяспечна. Упершыню можна шчыра сказаць, што Украіна пачынае выйгрываць гэтую вайну.
Дзмітрый Чарнышэў, «Фэйсбук»