«Нахабства — другое шчасце»
2- 7.11.2026, 19:15
- 1,980
Аб’ява аб здачы кватэры ў Мінску выклікала буру ў сацсетцы.
Зняць кватэру ў Мінску за 150 долараў у месяц, ды яшчэ і каля метро, у 2026 годзе выглядае як нязбыўная мара. Але за такія грошы можна знайсці жыллё — праўда, згодна з аб’явай, жыць там, хутчэй за ўсё, не захоча практычна ніхто. «Зеркало» распавядае падрабязнасці.
Аднапакаёвая кватэра плошчай 30 м² (кухня — 8 м²) знаходзіцца каля метро «Міхалова», побач гандлёвы цэнтр Outleto. Можна з жывёламі, ёсць мэбля, ацяпленне — газавае. За гэта просяць 450 рублёў у месяц, яшчэ 100 долараў закладу. За камунальныя плацяжы давядзецца плаціць каля 90 рублёў.
На гэтым плюсы прапановы заканчваюцца. Справа ў тым, што ў кватэры цалкам адсутнічаюць вадоправод і каналізацыя. Ваду давядзецца набіраць з калонкі на вуліцы, там жа — туалет.
«Пішыце, хто вы і дзе будзеце мыцца, сцірацца», — піша аўтар аб’явы.
Праўда, нават калі ахвотныя акунуцца ў мінулае і пажыць без вадоправода знойдуцца, досвед будзе нядоўгатэрміновы. Жыльцоў шукаюць папярэдне на месяц, а потым «будзе відаць, [дом] ідзе пад знос».

Аб’яву апублікавалі яшчэ напрыканцы верасня, але адразу агаварылі: паглядзець жыллё можна будзе толькі 10 лістапада з 10 да 11 гадзін.
Такую «зманлівую» прапанову актыўна абмяркоўваюць у Threads.
«Нахабства — другое шчасце. І што, сур’ёзна, чалавек на гэтым прытоне хоча зарабіць грошы?» — піша Карына, прымацаваўшы да паста скрыншоты аб’явы аб арэндзе.
Каментатары падзяляюць яе замяшанне ад убачанага:
«Ён хоча даведацца, дзе патэнцыйныя жыльцы будуць мыцца/сцірацца, бо ў яго самога ідэй няма».
«Дык гэта ён заплаціць, каб хтосьці там жыў?»
«Яшчэ і без дзяцей — раптам нешта размалююць».
«Капец, гэта нейкая бытоўка або тэхнічнае памяшканне, тып напаследак вырашыў сарваць 150 дол.»
«Асабліва «парадаваў» заклад. Раптам нешта зламаюць».