Ратавальнікі і збаўцы
3- Ірына Халіп
- 6.11.2026, 15:45
«Новая газета» ўратавала жыццё многім людзям.
У панядзелак мае калегі і сябры адключаць серверы і назаўсёды сыдуць з дома на Чыстых Прудах, дзе правялі амаль 30 гадоў. «Нас забілі», — напісалі яны тыдзень таму, у Міжнародны дзень палітвязняў. 9 лістапада яны выключаць святло, якога ў свеце адразу стане менш.
За гэтыя дзесяцігоддзі не было ў Расіі больш беларускай газеты, чым «Новая». Мне як уласнаму карэспандэнту па Беларусі даводзілася працаваць да знямогі, бо «Новая газета» не лічыла магчымым прапусціць штосьці важнае пра Беларусь нават на фоне сусветных і тым больш расійскіх узрушэнняў. І калі іншыя расійскія выданні пісалі пра Беларусь, калі там абвальваўся рубель, праходзілі чарговыя «выбары» ці здараўся тэракт, дык «Новая» пісала пра рэпрэсіі, пра герояў і проста пра людзей, якім цяжка. Прычым пісала не толькі я: часта калегі, што потым станавіліся сябрамі, тэлефанавалі і казалі: «Ты пра Ігара Аліневіча цяпер выпадкова не пішаш? А то я вельмі хачу пра яго напісаць, пагаварыць з ягонай мамай». Вядома, мае дарагія, пішыце, і паболей — адказвала я кожны раз. Яны пісалі. І прыязджалі.
Дзмітрый Муратaў — гэта, магчыма, найлепшае, што здарылася з «Новай газетай». Дарэчы, у нас у рэдакцыі галоўны рэдактар быў выключна выбарнай пасадай. Яго выбіралі на два гады тайным агульнарэдакцыйным галасаваннем. Муратaва ні разу ніхто не абышоў. І не толькі таму, што ён выбітны рэдактар (сам сябе, дарэчы, Муратaў заўсёды называў проста абслуговым персаналам для геніяў). Ён — ратавальнік. І збаўца.
Такія рэчы разумееш не ў звычайным жыцці, а калі пачынаецца землятрус. Муратaў не траціў сіл на літасць і спачуванне, калі ў журналіста прастуда, хандра і няма грошай. Але калі адбывалася нешта страшнае — ён разам з усімі мчаўся на дапамогу. Лятучы атрад «Новай» быў здольны змятаць перашкоды, адчыняць чыгунныя вароты, зносіць бетонныя сцены. Я не магу палічыць, колькім людзям «Новая» ўратавала жыццё. Не толькі героям артыкулаў, але і іх аўтарам.
Калі нас арыштавалі 19 снежня 2010 года, у Мінску з’явіўся стыхійны карпункт «Новай газеты». Першымі ў Беларусь выехалі Лена Мілашына і Віталь Ярашэўскі — ужо на наступны дзень пасля пратэстаў і затрыманняў, калі стала зразумела, што я часова не змагу выконваць абавязкі сабкора. Лена потым распавядала, як перад выездам з Масквы, стоячы на пероне ў чаканні цягніка, тэлефанавала калегам з іншых расійскіх выданняў — тым, што былі ў Мінску 19 снежня. Дык вось, усе яны са здзіўленнем казалі: «Не, Лена, я ўжо ў Маскве. А што там, у Мінску, рабіць — выбары ж скончыліся». Усё зразумела: у іх было канкрэтнае заданне — асвятленне выбараў, у іх была камандзіроўка, у іх былі і іншыя планы. І гэта, напэўна, нармальна — я дакладна не ведаю. Затое я дакладна ведаю, што «Новая» заўсёды змяняла планы, калі хтосьці трапляў у бяду.
Калегі змянялі адно аднаго не дзеля таго, каб спрабаваць высветліць падрабязнасці, а каб фізічна прысутнічаць у Беларусі. Лена Касцючанка, у якой быў вячэрні цягнік у Маскву, даведаўшыся, што Наталлю Радзіну выпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе, выкінула білет і паехала на маршрутцы ў Кобрын, куды накіравалі Наташу «па месцы прапіскі». Паехала, каб разам піць гарбату і казаць: усё будзе добра, я дакладна ведаю.
Муратaў матаўся то ў Чачню, каб вызваліць праваабаронцу Аюба Ціціева, то ў Мінск падтрымаць нас, то ў Томск з падарункамі на дзень народзінаў да бацькі першага забітага ў «Новай» журналіста Андрэя Домнікава, то ў Севастопаль да бацькоў забітай пазней Насці Бабуравай. Усяго іх было шэсць — забітых журналістаў «Новай газеты». А цяпер забілі і саму «Новую газету». І няма каму прыехаць, як калісьці прыязджаў Муратaў.
У гэтыя апошнія дні журналісты «Новай газеты» не льюць слёз. Не сыходзяць у запой. Не ляжаць на канапе, разважаючы пра тое, што ж рабіць далей. Яны працуюць, бо да панядзелка, калі давядзецца выключыць святло і назаўсёды сыходзіць, застаецца некалькі дзён, калі яшчэ можна напісаць шмат важных рэчаў. Яны публікуюць ліст з СІЗА Данііла Бялоусава, палітвязня і сына палітвязня. Яны пішуць пра камуніста Алега Міхайлава, які апынуўся ў СІЗА за падтрымку палітвязняў, і пра маладога матэматыка Леаніда Каца, абвінавачанага ў дзяржаўнай здрадзе. Апошні тэкст, які быў апублікаваны на сайце «Новай газеты» ўчора, — гэта рэцэнзія на альбом Сьветы Бень «Карова белая».
Я ж не дарма казала, што «Новая» — самая беларуская газета. Не развітваемся. Выстаяем.
Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org