Вучоныя назвалі дзейнасць, якая максімальна паляпшае сон
- 23.11.2026, 1:14
Пераможцам стала не хадзьба і не пілатэс.
Даследаванне 30 навуковых прац паказала, які від фізічнай актыўнасці апынуўся больш эфектыўным за хадзьбу, сілавыя практыкаванні і звычайную аэробіку.
Якая нагрузка леп за ўсё дапамагае заснуць? Кітайскія вучоныя параўналі даныя 30 даследаванняў і зрабілі нечаканую выснову. Пераможцам стала не хадзьба і не пілатэс.
Пра гэта паведамляе партал ScienceAlert.
Што паказаў аналіз
Даследчыкі з Харбінскага спартыўнага ўніверсітэта ў Кітаі аб’ядналі даныя 30 выпрабаванняў, дзе ўдзельнікаў выпадкова дзялілі на групы. Усяго ў іх узялі ўдзел больш за 2500 дарослых з парушэннямі сну з прыблізна дзясятка краін і рэгіёнаў.
Параўноўвалі ёгу, хадзьбу, аэробныя і змешаныя нагрузкі, а таксама традыцыйныя кітайскія практыкі, напрыклад цыгун і тайцзі. Заняткі ёгай аказаліся найбольш цесна звязаныя з паляпшэннем сну.
Якую праграму прызналі найлепшай
Аптымальнай аўтары назвалі праграму з двух высокаінтэнсіўных заняткаў ёгай на тыдзень працягласцю да 30 хвілін.
Вынікі даследавання паказваюць, што праграма заняткаў ёгай, якая праводзіцца двойчы на тыдзень цягам 8–10 тыдняў, з працягласцю не больш за 30 хвілін за сеанс і высокай інтэнсіўнасцю, з’яўляецца найбольш эфектыўным падыходам да паляпшэння якасці сну ў людзей з парушэннямі сну, — зрабілі выснову даследчыкі.
Такі від ёгі істотна адрозніваецца ад мяккіх і павольных рухаў, з якімі яе звычайна асацыююць. Пераходы паміж пазамі ў ёй адбываюцца значна хутчэй, а супраціў стварае вага ўласнага цела.
На другім месцы па эфектыўнасці апынулася хадзьба, на трэцім — сілавыя трэніроўкі. Да іх аўтары аднеслі, у прыватнасці, пілатэс і ўзняцце цяжараў. Лепшая праграма ёгі таксама дала заўважна мацнейшы эфект, чым аэробныя практыкаванні.
Чаму высновы разыходзяцца з іншымі працамі
Агляд 2023 года паказаў іншае: тры заняткі на тыдзень з аэробнымі або ўмеранымі нагрузкамі могуць быць самымі дзейснымі пры праблемах са сном. Пры гэтым адно з даследаванняў, уключаных у той агляд, якраз высветліла, што ёга ўплывае на сон мацней за іншыя практыкаванні.
Ёгу складана аднесці да аэробных або анаэробных нагрузак, а яе інтэнсіўнасць залежыць ад тэхнікі. Тое ж датычыцца тайцзі, пілатэса і аэробікі, якія прызнавалі карыснымі ў падобных працах. Не выключана, што розныя вызначэнні і спосабы заняткаў і тлумачаць разброс вынікаў.
Даследаванне 2025 года паказала, што тайцзі паляпшае сон з вынікам, супастаўным з кагнітыўна-паводзінскай тэрапіяй бессані. Неўзабаве пасля курса сімптомы бессані мацней змяншыліся ў ўдзельнікаў тэрапіі. Але праз 15 месяцаў група тайцзі іх дагнала.
Аўтары той працы дапусцілі, што даступнасць тайцзі і прастата ўключэння яго ў паўсядзённае жыццё спрыяюць доўгатэрміноваму эфекту.
Чаму ёга можа дапамагаць сну
Метааналізы не тлумачаць, як менавіта ёга і іншыя практыкаванні ўплываюць на сон, але ёсць некалькі версій. Ёга паскарае пульс, нагружае цягліцы і рэгулюе дыханне, як і тайцзі з пілатэсам.
Даследаванні паказваюць, што кантроль дыхання можа ўключаць парасімпатычную нервовую сістэму праз блукаючы нерв і паляпшаць якасць сну. Іншыя працы кажуць, што ёга змяняе схемы актыўнасці мозгу, а гэта можа спрыяць больш глыбокаму сну.
Вучоныя таксама зноў і зноў адзначаюць карысць практыкаванняў з супрацівам, нават калі іх так не называюць. У іх цягліцы працуюць супраць супрацьдзейнай сілы. Напрыклад:
поза сабакі мордай уніз;
планка;
пілатэс на трэнажоры-рэфармеры;
практыкаванні з гантэлямі.
Магчыма, інтэнсіўная ёга дзейнічае таму, што спалучае кантроль дыхання з супрацівам. Для дакладнага адказу патрэбныя больш падрабязныя даследаванні.
Што кажуць самі аўтары
Сведчанняў таго, што фізічныя практыкаванні ў цэлым паляпшаюць сон, шмат. Але строгіх даследаванняў па канкрэтных відах нагрузкі і іх доўгатэрміновым эфекце пакуль недастаткова.
Варта праяўляць асцярожнасць пры інтэрпрэтацыі вынікаў даследаванняў парушэнняў сну, улічваючы абмежаваную колькасць уключаных даследаванняў і ўнікальныя характарыстыкі папуляцыі людзей з парушэннямі сну, — патлумачылі даследчыкі з Харбінскага спартыўнага ўніверсітэта.
Для пацвярджэння гэтых высноў неабходныя далейшыя даследаванні высокай якасці, — дадалі яны.
Універсальнага рашэння пры бессані і іншых парушэннях сну не існуе: у кожнага арганізма і мозгу свае асаблівасці. Калі праблемы са сном пагаршаюць якасць жыцця, лепш звярнуцца да ўрача.