Лукашэнка заклікаў суддзяў «рыхтавацца да вайны»
20- 19.11.2026, 12:10
- 9,628
І выказаў незадаволенасць іх працай.
Дыктатар Аляксандр Лукашэнка 19 лістапада на нарадзе з судовым корпусам патрабаваў ад беларускіх суддзяў гатоўнасці дзейнічаць ва ўмовах ваеннага часу, паведамляе яго прэс-служба.
Паводле слоў кіраўніка, уся краіна цяпер «тэстуе і наладжвае алгарытмы ваеннага часу»: навучаюць і правяраюць вайскоўцаў, сілавікоў, тэрытарыяльную абарону і апалчэнне. Судам, заявіў ён, нельга заставацца ўбаку.
«Яшчэ раз паўтаруся, ніхто не хоча вайны, але мы абавязаны быць гатовымі да любога развіцця падзей. Нас да гэтага вымушаюць», — сказаў кіраўнік.
Суддзям намякнулі, што яны мала робяць
Лукашэнка пацікавіўся, як судовая сістэма ацэньвае сваю гатоўнасць «дзейнічаць у асаблівы перыяд», і сам жа канстатаваў слабы прагрэс у гэтым напрамку.
«Гэта не рытарычныя пытанні. Сёння ў дадзеным напрамку пакуль вашых дзеянняў няшмат», — незадаволена заўважыў ён.
Нагадаем, Лукашэнка не упершыню распавядае пра «падрыхтоўку да вайны». 13 кастрычніка на нарадзе з сілавікамі ён заявіў: «Мы рыхтуемся да вайны, каб яе пазбегнуць». Частыя праверкі Узброеных Сіл дыктатар тлумачыў ваеннай актыўнасцю заходніх суседзяў Беларусі.