19 лiстапада 2026, Чацвер, 17:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы гэта кіно ўжо бачылі»: дырэктар Інстытута Буша ўказаў на памылкі адміністрацыі Трампа

«Мы гэта кіно ўжо бачылі»: дырэктар Інстытута Буша ўказаў на памылкі адміністрацыі Трампа
Дэвід Крамер

Нельга паддавацца на хітрыкі Лукашэнкі.

Дэмакратычная партыя атрымала пераканаўчую перамогу на выбарах у Кангрэс, атрымаўшы перавагу і ў Палаце прадстаўнікоў, і ў Сенаце. Якія працэсы цяпер могуць пачацца ў Рэспубліканскай партыі? Хто можа стаць кандыдатам ад рэспубліканцаў на выбарах? Ці зменіцца палітыка ЗША ў адносінах да Украіны і Беларусі?

Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з былым памочнікам дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека, былым дырэктарам Freedom House, выканаўчым дырэктарам Інстытута Джорджа Буша-малодшага Дэвідам Крамерам:

— Лічу, выбаршчыкі хацелі перамен. Галоўнай прычынай свайго выбару яны называлі дарагоўлю жыцця. Эканоміка — традыцыйна галоўная тэма амерыканскіх выбараў: людзей хвалюе, колькі яны плацяць за прадукты, бензін і ўсё астатняе. Гэтыя выбары не сталі выключэннем.

Адрозненне гэтых выбараў — у наступных па значнасці тэмах. Перш за ўсё — непрыняцце вайны з Іранам, якую прэзідэнт Трамп пачаў напрыканцы лютага: вайна пагоршыла праблему дарагоўлі, паскорыўшы рост цэн на бензін і прадукты. Акрамя таго, ёсць тэма карупцыі — амерыканцы выказвалі сур’ёзную занепакоенасць тым, што яны ўспрымаюць як выпадкі карупцыі, звязаныя з адміністрацыяй. Гэта былі тры галоўныя тэмы. Эканоміка на нашых выбарах заўсёды на першым месцы. Так было і гэтым разам. Думаю, выбаршчыкі таксама лічаць, што мыты, уведзеныя Трампам, пагоршылі эканамічныя цяжкасці.

Прэзідэнты і іх партыі нярэдка церпяць няўдачы на так званых прамежкавых выбарах — калі сам прэзідэнт не перавыбіраецца, але перавыбіраюць траціну Сената і ўвесь склад Палаты прадстаўнікоў. Партыя, якая займае Белы дом, даволі часта страчвае пазіцыі. Так здарылася і цяпер, але параза аказалася вельмі сур’ёзнай. Цікава будзе паглядзець, як Белы дом гэта вытлумачыць і што зробіць далей.

Прызначэнне Стывена Мілера новым кіраўніком апарата Белага дома сведчыць пра тое, што адміністрацыя гатовая заняць жорсткую пазіцыю ў дачыненні да дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў і Сенаце і не збіраецца асабліва шукаць кампрамісаў. Хоць па некаторых пытаннях дамаўляцца ўсё ж давядзецца.

Пазіцыі Вэнса пахіснуліся

— Каго вы бачыце кандыдатам у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі ў 2028 годзе?

— Лічылася, што найбольш верагодным кандыдатам рэспубліканцаў стане віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс. На наступны дзень пасля прамежкавых выбараў ён выступіў з заявай, усклаўшы віну за паразу на вайну з Іранам. Думаю, пераканаць у гэтым выбаршчыкаў яму будзе няпроста: ён займае пасаду віцэ-прэзідэнта з першага дня другога тэрміну Трампа.

Відаць, гэта выклікала пэўную напружанасць у яго адносінах з прэзідэнтам Трампам, які мінулым тыднем адхіліў віцэ-прэзідэнта ад перамоваў з Іранам і цяпер даручыў яму засяродзіцца на ўнутраных пытаннях — расследаванні махлярства ў шэрагу штатаў, якімі кіруюць дэмакраты, як гэта фармулюе Белы дом. Таму, думаю, пазіцыі віцэ-прэзідэнта крыху пахіснуліся, і ўзнікае цэлы шэраг пытанняў пра тое, хто яшчэ можа ўступіць у гонку.

Дзяржсакратар і дарадца па нацыянальнай бяспецы Марка Рубіа заяўляў, што не будзе балатавацца, калі ў гонку пойдзе Вэнс, аднак цяпер ягонае імя гучыць даволі часта. Некаторыя называюць адыходзячага губернатара Фларыды Рона Дэсанціса; могуць з’явіцца і іншыя прэтэндэнты. Але, думаю, чакалася, што пасля прамежкавых выбараў менавіта віцэ-прэзідэнт стане галоўным прэтэндэнтам на высоўванне. Магчыма, так і будзе, але цяпер гэта ўжо не так відавочна, як раней.

— А што вы думаеце пра Тэда Круза як пра кандыдата?

— Тэд Круз — яшчэ адно імя, якое гучыць у гэтым кантэксце. Яго называлі сярод магчымых кандыдатаў у прэзідэнты ад рэспубліканцаў. Пабачым.

У Тэхасе — родным штаце Круза, які ён прадстаўляе ў Сенаце, — выбаршчыкі, як кажуць, «прагаласавалі за сініх», то бок падтрымалі дэмакратаў амаль па ўсім бюлетэні: на выбарах сенатара на месца Джона Корніна, губернатара, віцэ-губернатара, генеральнага пракурора штата і далей па спісе. Цікава будзе паглядзець, як цяпер паступіць Круз.

Кангрэс супраць Белага дома

— Сярод галоўных тэм для выбаршчыкаў вы назвалі дарагоўлю жыцця, вайну з Іранам, карупцыю і мыты. Атрымліваецца, тэма Украіны не ўвайшла нават у першую чацвёрку. Што вынікі прамежкавых выбараў азначаюць для падтрымкі Украіны з боку ЗША?

— У цэлым можна чакаць, што Палата прадстаўнікоў і Сенат пад кантролем дэмакратаў зоймуцца законапраектамі, якія дэманструюць цвёрдую падтрымку Украіны з боку ЗША. Украіна карысталася шырокай двухпартыйнай падтрымкай — і рэспубліканцаў, і дэмакратаў. Але кіраўніцтва абедзвюх палат не спяшалася выносіць такія законапраекты на разгляд.

Думаю, новы спікер Палаты прадстаўнікоў — ім, хутчэй за ўсё, стане Хакім Джэфрыс з Нью-Ёрка — і новы лідар большасці ў Сенаце — найверагодней, Чак Шумер (хоць Крыс Ван Холен таксама заявіў пра намер балатавацца на гэты пост) — будуць дзейнічаць больш рашуча. Падазраю, законапраекты ў падтрымку Украіны з’явяцца ўжо на пачатку 2027 года. Можа ісціся пра ваенную дапамогу і ўзмацненне санкцый.

Адыходзячы Кангрэс усё ж прыняў законапраект Ліндсі Грэма аб узмацненні санкцый супраць Расіі і аб увядзенні мыт супраць найбуйнейшых пакупнікоў расійскіх энерганосьбітаў. Сенат ухваліў яго 86 галасамі супраць 11, Палата прадстаўнікоў — таксама з вельмі сур’ёзнай перавагай.

— Як вы сказалі, новых законапраектаў варта чакаць у бліжэйшы час. Але тады ўзнікае наступнае пытанне: што адміністрацыя будзе рабіць з прынятымі законамі?

— Гэта і ёсць галоўнае пытанне, бо прэзідэнт Трамп падпісаў закон Ліндсі Грэма, але потым скарыстаўся правам яго не прымяняць і не выконвае гэты закон. Гэтае ж пытанне паўстане і пры новым Кангрэсе. Галасаванні ў падтрымку Украіны, хутчэй за ўсё, будуць, але адміністрацыя можа не выконваць прынятыя законы, а то і ўвогуле накласці на іх вета. І тады паўстане пытанне: ці знойдзецца ў Палаце прадстаўнікоў і Сенаце большасць у дзве трэці галасоў, неабходная для пераадолення вета? І ўсё ж, думаю, новы Кангрэс часцей будзе выказвацца ў падтрымку Украіны і, верагодна, стане больш жорстка крытыкаваць і больш пільна вывучаць палітыку адміністрацыі адносна Украіны і ціску на Расію.

Літаральна мінулым тыднем у Абу-Дабі прайшлі перамовы, парадак дня якіх, на мой погляд, быў выбудаваны ў адваротным парадку. Замест таго, каб засяродзіцца на заканчэнні вайны і неадкладным спыненні агню, удзельнікі абмяркоўвалі пасляваенную архітэктуру еўрапейскай бяспекі. Менавіта пра гэта хоча гаварыць Масква. Лічу, што парадак павінен быць адваротным. Нельга абмяркоўваць пасляваенную еўрапейскую бяспеку, пакуль не скончылася вайна, якую Расія развязала супраць Украіны. Думаю, падыход адміністрацыі да намаганняў дзеля спынення вайны будзе падвяргацца больш пільнай увазе і крытыцы.

— З моманту прыходу Трампа да ўлады ў 2024 годзе амерыканская ваенная дапамога рэзка скарацілася — да менш чым аднаго працэнта ад ранейшага ўзроўню. Гіпатэтычнае пытанне: перанясёмся ў 2027 год. Адміністрацыя па-ранейшаму супраць, але група сенатараў, гарачых прыхільнікаў Украіны, ездзіць ва Украіну і робіць гучныя заявы. Наколькі іхная дзейнасць урэшце здольная нешта змяніць?

— Паводле нашай Канстытуцыі, прэзідэнт ЗША валодае значнымі знешнепалітычнымі паўнамоцтвамі, а магчымасці Кангрэса абмежаваныя. Гэта паказаў прыклад закона Ліндсі Грэма: Кангрэс можа прыняць закон, прэзідэнт можа нават яго падпісаць, але калі ў законе прадугледжаныя выключэнні, прэзідэнт можа імі скарыстацца — або проста не выконваць закон.

Наколькі мне вядома, з моманту вяртання адміністрацыі Трампа нідзе не ўводзіліся санкцыі ў межах Глабальнага акта Магніцкага. Даклад аб правах чалавека, які Дзярждэпартамент павінен публікаваць штогод, за 2026 год так і не быў апублікаваны. Неабходна дамагацца выканання патрабаванняў закона і прыцягваць да адказнасці за іх невыкананне. А публікацыя гэтага даклада аб правах чалавека — абавязак адміністрацыі.

Патрэбныя намаганні, каб аказваць ціск на адміністрацыю і дамагацца выканання таго, за што прагаласаваў Кангрэс. Але ў яе шырокія паўнамоцтвы ў знешняй палітыцы, і забяспечыць выкананне рашэнняў Кангрэса можа аказацца няпроста.

«Дзень сурка» з Лукашэнкам

— Пасля выбараў 2006 і 2010 гадоў Лукашэнка дзейнічаў паводле адной і той самай простай схемы: сфальсіфікуй выбары, вазьмі ў закладнікі палітвязняў, абмяняй іх на паслабленне санкцый і разрадку. Сёння адміністрацыя ЗША гуляе з Лукашэнкам у тую ж самую гульню, а еўрапейцы выбіраюць іншы шлях і не адступаюць ад санкцый. Як варта вырашаць гэтую праблему сёння?

— Мы гэта кіно ўжо бачылі. Проста як у фільме «Дзень сурка», дзе герой прачынаецца і зноў і зноў пражывае адзін і той самы дзень.

З аднаго боку, я аддаю належнае Джону Коулу і адміністрацыі: яны дамагліся вызвалення сотняў палітвязняў. Але адначасова з’явіліся новыя палітвязні — людзей затрымліваюць, арыштоўваюць і саджаюць у турмы. А многіх з вызваленых да таго ж выгналі з уласнай краіны, адправіўшы ў выгнанне. Таму ў эйфарыю ўпадаць не варта.

Акрамя таго, трэба заўсёды памятаць: Лукашэнка толькі «выпраўляе» зло, якога ўвогуле не павінен быў учыняць. Ён не заслугоўвае асаблівай удзячнасці за тое, што спачатку кідае людзей за краты за іх палітычныя перакананні і крытыку, потым выпускае, а на вызваленыя месцы саджае новых.

Таму адміністрацыі трэба быць асцярожнай — асабліва калі гаворка ідзе пра ціск на Літву і іншыя краіны, якія захоўваюць санкцыі і ўскладнілі для Лукашэнкі атрыманне эканамічнай выгоды. Адміністрацыі варта быць асцярожнай у ўласным падыходзе і ў спробах занадта зблізіцца з Лукашэнкам.

Трэба памятаць: Лукашэнка не толькі скраў выбары 2020 года, а затым жорстка падавіў мірныя пратэсты. У траўні 2021 года ён таксама захапіў грамадзянскі авіялайнер, што ляцеў з Афінаў у Вільню. Ён ператварыў мігрантаў і бежанцаў у зброю супраць суседніх краін. Ён дазволіў Расіі выкарыстаць тэрыторыю Беларусі для пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года. На руках у Лукашэнкі шмат крыві, і занадта цеснага збліжэння з ім трэба сур’ёзна асцерагацца.

Да таго ж, як вы і адзначылі, Лукашэнка дзесяцігоддзямі выкарыстоўвае адны і тыя ж прыёмы. Ён ва ўладзе з 1994 года і ведае, як весці гэтую гульню, супрацьстаўляючы Расію і Захад адно аднаму. Але каб утрымацца ва ўладзе, ён заўсёды будзе залежаць ад Пуціна і Расіі. Не варта паддавацца на яго хітрыкі і верыць, што яго можна пераманіць у наш табар. Гэта проста немагчыма.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲