Прарываў для Крамля не будзе
2- 19.11.2026, 10:53
- 3,322
Эксперт спрагназаваў вынікі трохбаковай сустрэчы ў Кітаі.
Сёння, 19 лістапада, на палях саміту Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва (АТЭС) у кітайскім Шэньчжэне адбудзецца трохбаковая сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, лідара КНР Сі Цзіньпіна і расійскага дыктатара Пуціна. Ніякіх прарываў па выніках гэтых перамоў чакаць не варта, паколькі ў кожнага з бакоў — розныя інтарэсы. Такім меркаваннем у эфіры тэлеканала FREEДОМ падзяліўся ваенны аналітык, ваеннаслужачы ЗСУ Аляксандр Мусіенка.
— Прэзідэнт Трамп бачыць, напэўна, парадак дня па-свойму. Старшыня КНР Сі Цзіньпін таксама бачыць яго па-свойму, а Пуцін — яшчэ па-свойму. Зыходзячы з таго, як гэта падаецца расійскімі крыніцамі, у іх форма цяпер пераважае над сутнасцю. Гэта значыць, усё, што адбываецца, яны будуць спрабаваць падмяняць сутнасць формай, фармальным статусам. Якім? Ну вось спадар Сі вырашыў сустрэцца з Пуціным — гэта ж ужо добра. Гэта значыць, што Расія, нібыта, вялікая дзяржава, якая зойме сваё месца ў шматпалярным свеце, — сказаў аналітык.
Але сутнасць пытання, паводле яго слоў, у іншым. Па-першае, Кітай не бачыць побач з сабой «вялікую дзяржаву» — Расію.
«Гэта больш геапалітычнае пытанне. Дапускаю, што Кітай не бачыць і шматпалярны свет. Усё ж Кітай сам — цэнтр прыцягнення і сіла прыцягнення даволі сур'ёзная. І з улікам гэтага Пекін вырашае для сябе ўласныя пытанні, інтарэсы, якія датычацца расійскіх рэсурсаў, доступу да танных рынкаў, да таннай сыравіны, што паступае з Расіі, і гэтак далей», — сказаў Мусіенка.
Акрамя таго, лічыць ён, у Кітаі, вядома ж, фіксуюць уразлівасць Расіі.
«Яны могуць гэта не каментаваць, але не могуць гэтага не заўважаць. Яны ўсё фіксуюць, усё аналізуюць і бачаць, што адбываецца. Яны дакладна разумеюць, што Расія не перамагае ў вайне супраць Украіны», — падкрэсліў Мусіенка.
Прарыву для Пуціна па выніках сустрэчы ў Кітаі не будзе, перакананы ён.
«Сама сустрэча — я б тут ніякіх прарываў не чакаў. І прарыву для Пуціна таксама не будзе. Могуць быць заявы. Але калі мы кажам пра тое, што Пуціну неабходна пацвярджэнне статусу, каб далей прасоўваць свой агрэсіўны парадак дня ў адносінах да Украіны і Еўропы ў цэлым, то Расія будзе падаваць свой інфармацыйны паток. Пасля гэтай сустрэчы расіяне будуць сцвярджаць, што нібыта Кітай даў згоду і мандат РФ на перамовы на тых умовах, якія хоча Крэмль з еўрапейцамі. Вось дакладна так і будзе. Але форма пераважае над сутнасцю», — сказаў аналітык.
У Сі Цзіньпіна, лічыць Мусіенка, тут іншы інтарэс. Перш за ўсё — супрацоўніцтва з ЗША, тарыфы, штучны інтэлект і яго рэгуляванне, тэхналогіі, чыпы, скандал з NVIDIA і г. д.
«У Трампа — свой інтарэс, які датычыцца таго, каб спадар Сі паўплываў на Іран, каб там скончылася вайна, магчыма, паўплываў на Расію, на Карэйскі паўвостраў і згадзіўся на падпісанне пагадненняў Кітай — Расія — ЗША аб скарачэнні і кантролі за ядзернымі арсеналамі. Кітай гэтага не хоча, бо яны тлумачаць гэта тым, што ў іх значна меншыя арсеналы, чым у Расіі і ЗША», — падкрэсліў спікер.
Паводле яго меркавання, галоўным на перамовах усё ж будзе пытанне пра ядзерную зброю.
«Вядома, мы не ведаем, пра што будуць гаварыць за зачыненымі дзвярыма, але прарываў не будзе. Гэта дакладна, бо ў ўсіх розныя інтарэсы. І, акрамя гэтага, неабходна разумець, што для Кітая, як бы там ні было, стабільнасць Еўропы важная з эканамічных прычын», — рэзюмаваў Мусіенка.