The Times: Украіна не выкарыстоўвала Starlink для ўдараў па Крымскім мосце
1- 17.11.2026, 23:31
- 1,972
Украінцы стварылі ўласныя каналы сувязі для рэтрансляцыі радыёсігналаў.
Украінскія ўдары па Керчанскім (Крымскім) мосце 16–17 лістапада былі прызваныя паставіць дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна у няёмкае становішча перад будучай сустрэчай з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам у Кітаі.
Пра гэта паведамляе брытанскае выданне The Times са спасылкай на ўласныя крыніцы сярод украінскіх вайскоўцаў.
«Мы запланавалі гэта як сімвалічны жэст перад сустрэчай Трампа, Пуціна і Сі, каб паказаць, што Пуцін слабы», — паведаміў выданню афіцэр, які ўдзельнічаў у аперацыі.
Як адзначыла крыніца, гэтыя ўдары па Крымскім мосце таксама даказалі, што Украіне больш не трэба абапірацца на сістэмы спадарожнікавай сувязі Starlink і Starshield (кампаніі SpaceX Ілона Маска) для правядзення ўдарных аперацый супраць расійскіх акупантаў. Цяпер афіцыйны Кіеў мае магчымасць абысці нядаўнія абмежаванні ЗША на выкарыстанне гэтых сэрвісаў, дадаў афіцэр.
«Амерыканцы спрабавалі паралізаваць нашу сувязь, каб перашкодзіць правядзенню такіх аперацый, але гэтая місія даказала, што мы можам ствараць уласныя каналы сувязі для рэтрансляцыі радыёсігналаў. Упершыню ў гісторыі мы выкарысталі ўсе гэтыя дроны для перадачы відэасігналаў ракетам, каб тыя змаглі паразіць дакладныя кропкі на мосце. Мы паказалі, што можам праводзіць такія аперацыі без Starlink», — сказала крыніца The Times.
Паводле слоў некаторых іншых украінскіх вайсковых крыніц выдання, удары па мосце былі ажыццёўлены ў рамках складанай камбінаванай аперацыі з удзелам ракетных войскаў і элітных пілотаў дронаў з брыгады Птахі Мадзяра — разам з 1-й брыгадай спецыяльных аперацый Сіл беспілотных сістэм УСУ, СБУ, ВМС Украіны і падраздзяленнямі Сіл спецыяльных аперацый Украіны.