16 лiстапада 2026, панядзелак, 14:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Асуджаныя за забойства Нямцова вызваленыя і жывуць у Чачні

Асуджаныя за забойства Нямцова вызваленыя і жывуць у Чачні
Барыс Нямцоў

Па паперах яны лічацца ўдзельнікамі вайны супраць Украіны.

Трое асуджаных па справе аб забойстве расійскага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова маглі выйсці на волю задоўга да заканчэння прызначаных ім тэрмінаў. Пра гэта ў панядзелак, 16 лістапада, паведаміла даследчае выданне «Праект». Паводле даных журналістаў, усе трае цяпер знаходзяцца ў Чачні, хоць фармальна лічацца ўдзельнікамі поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Нагодай для расследавання стала паведамленне, якое ўлетку 2026-га года атрымала дачка палітыка Жанна Нямцова. Крыніца паведаміла ёй, што асуджаныя Заур Дадаеў і браты Губашавы на волі і жывуць у Грозным. Незалежна праверыць гэтыя звесткі журналістам не ўдалося, але, паводле іх слоў, ускосныя даныя ўказваюць на такую магчымасць. Расійскія ўлады інфармацыю на момант выхаду расследавання не каментавалі.

Паводле інфармацыі «Праекта», Заур Дадаеў, якога суд прызнаў выканаўцам забойства і прысудзіў да 20 гадоў, а таксама яго саўдзельнікі, браты Анзор і Шадід Губашавы, што атрымалі 19 і 16 гадоў адпаведна, заключылі кантракты з Міністэрствам абароны РФ і на гэтай падставе выйшлі з калоній. На фронт яны не паехалі, а накіраваліся ў Чачню, дзе, паводле крыніцы, жывуць «ціхім жыццём»: гэта была ўмова вызвалення — «каб ніхто не даведаўся, што яны на волі».

З уцечак даных «Праект» высветліў, што Дадаеў, які адбываў пакаранне ў ІК-3 у Іркуцку, выбыў адтуль «у сувязі з этапіраваннем», але звестак пра яго прыбыццё ў іншую калонію не знайшлося. Раней «Новая газета Еўропа» паведамляла пра вызваленне яшчэ аднаго асуджанага па гэтай справе, Тэмірлана Эскерханава: ён атрымаў памілаванне, падпісаўшы кантракт з Міністэрствам абароны, але замест фронту апынуўся ў акупаваным Марыупалі. Адзіны, хто выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, — гэта Хамзат Бахаеў, піша The Insider.

Забойства Барыса Нямцова

Барыса Нямцова забілі вечарам 27 лютага 2015 года: у яго стралялі ў спіну на Вялікім Маскварэцкім мосце, у непасрэднай блізкасці ад Крэмля. У ліпені 2017 года Маскоўскі акруговы ваенны суд прысудзіў абвешчаных выканаўцамі Заура Дадаева, Анзора і Шадіда Губашавых, Тэмірлана Эскерханава і Хамзата Бахаева да тэрмінаў ад 11 да 20 гадоў. Арганізатары і заказчыкі злачынства дагэтуль афіцыйна не ўстаноўлены.

Як раней пісаў The Insider, група кілераў ФСБ сачыла за Нямцовым на працягу апошніх месяцаў яго жыцця. Сачэнне пачалося адразу пасля таго, як ён пачаў актыўна лабіраваць пашырэнне санкцый супраць сяброў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, і спынілася 21 лютага, за некалькі дзён да забойства ля сцен Крэмля.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲