«Асіметрыя сітуацыі так палохае Лукашэнку»
2- 16.11.2026, 9:16
- 3,798
Што стане трыгерам для змены ўлады ў Беларусі?
У размове з журналістам «Радыё Свабода» Дзмітрыем Гурневічам аналітык Сяргей Чалы распавёў, што можа стаць штуршком да змены ўлады ў Беларусі і ці прыйдзе Масква зноў ратаваць Лукашэнку, калі ягонаму рэжыму нешта будзе пагражаць.
Паводле слоў Чалага, беларускі кіраўнік сам загнаў сябе ў пастку татальнай залежнасці ад Крамля. Такім чынам ён зрабіў закладнікамі ўсіх беларусаў, у тым ліку тых, хто сёння вымушана жыве за мяжой.
Аналітык перакананы, што ў краіне магчыма з'яўленне крытычнай масы, здольнай зрушыць сітуацыю з мёртвай кропкі насуперак намаганням рэпрэсіўнага апарату. Ён нагадаў пра апошнія гады існавання СССР, калі людзі на вачах пераставалі верыць у партыйныя лозунгі. Лукашэнка, на думку эксперта, сёння апынуўся ў падобным становішчы: нават у яго найбліжэйшым атачэнні веры ў абяцанні становіцца ўсё менш.
Чалы патлумачыў, чаму ўлада працягвае закручваць гайкі праз шэсць гадоў пасля неадбытай рэвалюцыі: «Чаму Лукашэнка баіцца любой лібералізацыі? Для яго гэта будзе сігнал — усе вырашаць, што ўжо можна. Што прыйшоў ужо той час, калі няма страху. А ён жа цяпер кіруе толькі з дапамогай страху».
Менавіта ў гэтым, лічыць аналітык, найхутчэй і крыецца прычына, чаму закладнікаў рэжыму дагэтуль масава не выпускаюць з турмаў.
Дык што можа стаць штуршком да змены ўлады? Шукаць канкрэтную нагоду, на думку Чалага, бессэнсоўна: «Лавіна сыдзе, бо снягу шмат. Трыгер абсалютна не важны. Менавіта таму асіметрыя сітуацыі так палохае Лукашэнку. Ён не можа закрыць усе нагоды».
«Мы цяпер знаходзімся ў падобнай сітуацыі. Лукашэнка лепш за нас гэта ведае. Гэта мая базавая гіпотэза пра тое, як ён і сілавікі разумеюць сітуацыю. Таму яны вымушаныя закрываць увогуле ўсё. Гэта тлумачыць усе, як нам здаецца, абсурдныя дзеянні», — падсумаваў Чалы.