Украіна перахапіла ініцыятыву на палове кірункаў фронту
5- 15.11.2026, 22:26
- 10,932
ЗСУ контратакуюць.
Вайна РФ супраць Украіны ўваходзіць у пяты год (а калі лічыць з 2014 года — у трынаццаты). І 2026 год прыкметна адрозніваецца ад папярэдніх. Цяпер украінскія войскі валодаюць ініцыятывай прыблізна на палове лініі фронту, асабліва на ўчастках на поўнач ад і на поўдзень ад Данбаса — у раёне Лімана і Славянска, а таксама Вялікай Навасёлкі.
Пра гэта піша аўтарытэтны ваенны аглядальнік, OSINT-эксперт Клемэнт Молін (Clément Molin).
Армія Расіі сканцэнтравала асноўныя намаганні ў цэнтральнай частцы Данецкай вобласці, перадусім у баях за Добрапілле і Канстанцінаўку.
Іх мэта — у найбліжэйшыя гады пачаць бітву за Краматорск, найбуйнейшы горад Данбаса, які да гэтага часу застаецца пад кантролем Украіны.
Адначасова расійская армія безвынікова спрабуе наступаць у раёне Арэхава — важнага абарончага рубяжа, які прыкрывае з поўдня буйны горад Запарожжа, дзе да вайны пражывалі 800 тысяч чалавек, а таксама Куп'янска, які ўкраінскія войскі вызвалілі ў 2022 годзе.
Акрамя таго, расійскія сілы спрабуюць прасоўвацца ўздоўж мяжы ў Харкаўскай і Сумскай абласцях, аднак не дабіваюцца ніякага поспеху.
У значнай ступені такая змена звязаная з украінскімі контратакамі.
