У Беларусі змяняюцца правілы праходжання тэхагляду
13- 15.11.2026, 21:01
- 13,288
Ужо з заўтрашняга дня.
З 16 лістапада ў Беларусі зменіцца парадак праходжання тэхагляду аўтамабіляў. Новыя правілы датычацца афармлення дазволаў на ўдзел у дарожным руху, іх выдачы пры змене ўласніка, атрымання дублікатаў і аплаты, паведамляе «Белсат».
Адно з галоўных змяненняў датычыць куплі ўжываных аўтамабіляў. Раней пры змене ўласніка патрабавалася нанова атрымліваць дазвол на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, нават калі аўтамабіль ужо прайшоў тэхагляд і дазвол заставаўся дзейным. Цяпер гэтае патрабаванне адмяняецца.
«Калі ўласнік змяняецца, але ў аўтамабіля ёсць дзейны дазвол, паўторна праходзіць тэхагляд не трэба. Звесткі пра дазвол будуць аўтаматычна пераносіцца на новага ўладальніка дзякуючы абмену данымі паміж інфармацыйнымі сістэмамі УП «Белтэхагляд» і МУС», – патлумачыў намеснік начальніка мінскага філіяла «Белтэхагляду» Сяргей Каровацкі.
Паўторна атрымліваць дазвол таксама не спатрэбіцца пры змене рэгістрацыйнага нумара аўтамабіля, замене тэхпашпарта ў выпадку яго страты або крадзяжу і іншых зменах рэгістрацыйных дакументаў. Выключэнне — выпадкі змянення тыпу транспартнага сродку.
Калі бланк дазволу страчаны або сапсаваны, аўтаўладальнік зможа звярнуцца па дублікат. Для гэтага трэба падаць заяву. Такая працэдура прадугледжаная і ў разе неабходнасці ўнясення змяненняў у раней выдадзены дакумент.
Яшчэ адно змяненне датычыць аплаты. Пастанова замацоўвае ўнясенне платы за выдачу дазволу на допуск аўтамабіля да ўдзелу ў дарожным руху праз сістэму ЕРІП. Пры гэтым магчымасць аформіць дазвол у электронным выглядзе праз партал «Е-паслуга» захаваецца.
Абновяцца і формы заяў, у тым ліку на выдачу дубліката дазволу і ўнясенне змяненняў у дакумент. Новыя бланкі размесцяць на афіцыйным сайце «Белтэхагляду».
Пастанова таксама ўстанаўлівае парадак паўторнай праверкі аўтамабіляў, якія не прайшлі тэхагляд з-за няспраўнасцяў. Калі ўладальнік звернецца на дыягнастычную станцыю цягам 20 дзён пасля першай праверкі, спецыялісты паўторна правераць толькі тыя вузлы і сістэмы, у якіх былі выяўленыя парушэнні. Па заканчэнні гэтага тэрміну тэхагляд давядзецца праходзіць нанова ў поўным аб'ёме.
Змены прадугледжаныя пастановай Савета Міністраў ад 13 мая 2026 года № 244. Яны ўступаюць у сілу з 16 лістапада.