11 лiстапада 2026, Серада, 15:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Пра гэтыя гісторыі трэба крычаць

2
Андрэй Саннікаў: Пра гэтыя гісторыі трэба крычаць

Дыктатуры можна спыніць толькі рашучымі метадамі.

У Берліне ў межах Тыдня свабоды адкрылася выстава «Сумленне ў турэмных робах», прысвечаная палітвязням з розных краін.

Адзін з яе куратараў — каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», амбудсмэн Сусветнага Кангрэса Свабоды Андрэй Саннікаў. Ён таксама прыняў удзел у Берлінскай канферэнцыі свабоды.

Сайт Charter97.org пагаварыў з апазіцыйным палітыкам пра выставу і вынікі канферэнцыі.

— Раскажыце падрабязней пра задуму выставы «Сумленне ў турэмных робах». Якія экспанаты былі прадстаўлены і якія гісторыі палітвязняў стаяць за імі?

— Ідэя нарадзілася, калі мы з вядомым мастаком і маім калегам па Сусветным Кангрэсе Свабоды Саем з М'янмы абмяркоўвалі тэму палітвязняў у розных краінах. Бацька Сая, якога арыштавалі пасля ваеннага перавароту ў М'янме ў лютым 2021 года, ужо амаль шэсць гадоў знаходзіцца ў турме. Я распавядаў яму пра палітвязняў у Беларусі. І мы вырашылі, што пра гэта трэба не гаварыць, а крычаць.

У свеце больш за мільён палітвязняў. Іх катуюць, забіваюць, калечаць, і ўсё гэта рэдка прыцягвае ўвагу сусветнай грамадскасці, за выключэннем некалькіх вядомых імёнаў. Мы вырашылі арганізаваць выставу турэмных робаў і гісторый палітвязняў з розных краін, каб прадставіць гэтую тэму менавіта як сусветную праблему, а не праблему асобнай краіны.

На выставе мы паказваем турэмныя робы і рэчы побыту палітвязняў. Таксама дэманстраваліся відэа са сведчаннямі былых палітвязняў, у тым ліку Алены Лазарчык і Паліны Шарэнда-Панасюк.

Пераважна мы распавядаем гісторыі жанчын-палітвязняў. Напрыклад, добра вядомую нам гісторыю беларускай Паліны Шарэнда-Панасюк. Ці гісторыі в'етнамскіх жанчын, якія, як высветлілася, у турмах шыюць сумкі для такіх буйных гандлёвых сетак, што працуюць у Германіі, як Lidl і REWE. Усяго на выставе прадстаўлены дзесяць краін і сотні гісторый палітвязняў.

Андрей Санников и известный художник и правозащитник из Мьянмы Сай.

— Вы прынялі ўдзел у Берлінскай канферэнцыі свабоды. Якія тэмы вам удалося падняць і што вы казалі пра сітуацыю ў Беларусі?

— Я ўдзельнічаў у прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю Берлінскай канферэнцыі свабоды, разам з Марыяннай Біртлер, якая раней узначальвала ведамства па працы з архівамі Штазі, Наталляй Пятровіч, прадстаўніцай сербскіх студэнтаў, якія перамаглі на нядаўніх выбарах, былым прэзідэнтам Эстоніі Тоамасам Хендрыкам Ільвесам, дырэктарам Берлінскага таварыства свабоды Буркхардам Кікерам і маім калегам Саем.

Гаварыў я, натуральна, пра палітвязняў Беларусі, пра тое, што наступ дыктатур ва ўсім свеце можна спыніць толькі рашучымі метадамі. Жахлівая колькасць палітвязняў у свеце сведчыць пра тое, што дыктатуры адчуваюць сваю поўную беспакаранасць.

Вызваленне палітвязняў і вызваленне краін ад дыктатараў — гэта задачы аднаго парадку. І вырашыць іх можна толькі ўзмацненнем ціску на злачынцаў, якія захапілі ўладу ў многіх краінах свету, без ніякіх паблажак для іх.

Асноўную частку часу на канферэнцыі я праводзіў на выставе, якая выклікала вельмі вялікую цікавасць. Можна сказаць, працаваў экскурсаводам для палітыкаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва Берліна, журналістаў, грамадскіх дзеячаў і праваабаронцаў. Увесь дзень быў заняты менавіта аповедамі пра тое, што адбываецца з палітвязнямі ў свеце і, вядома ж, у Беларусі.

— З кім з удзельнікаў канферэнцыі вам удалося сустрэцца? Якія пытанні вы абмяркоўвалі і ці ўдалося дамовіцца аб канкрэтных сумесных кроках?

— Напярэдадні Берлінскага Тыдня свабоды прайшла сустрэча Кіраўнічага савета Сусветнага Кангрэса Свабоды, у якім я з'яўляюся амбудсмэнам. Трэба сказаць, што Берлінскі Тыдзень свабоды праходзіць якраз па ініцыятыве нашага Кангрэса.

Таму з большасцю ўдзельнікаў канферэнцыі я сустракаюся значна часцей, чым раз на год. Гэта лідары апазіцыі сваіх краін, большасць з якіх вымушаныя жыць у эміграцыі, але працягваюць змагацца за свабоду сваёй Радзімы. З задавальненнем сустрэўся з маім даўнім сябрам Маркусам Мекелем, апошнім міністрам замежных спраў ГДР, які займаў гэты пост у першым і апошнім свабодна абраным урадзе краіны.

Калі казаць пра дамоўленасці, то магу сказаць, што ў нас з маім калегам з М'янмы ёсць планы працягнуць працу над нашым праектам, паколькі выстава зрабіла моцнае ўражанне і многія зацікаўленыя ў тым, каб паказаць яе ў сваіх краінах.

Выставку посетил один из лидеров венесэульской оппозиции Леопольдо Лопес
Письмо президента Чехии Вацлава Гавела, написанное в поддержку белорусских политзаключенных в 2011 году
Последний министр иностранных дел ГДР Маркус Меккел
На выставке была представлена история экс-политзаключенной Елены Лазарчик
Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲