Зяць Трампа Кушнер даў ацэнку першаму раўнду трохбаковых перамоваў у Абу-Дабі
3- 11.11.2026, 8:27
- 1,662
Адна з галоўных тэм — стварэнне механізмаў бяспекі.
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джарэд Кушнер назваў канструктыўным першы раўнд трохбаковых перамоваў з удзелам прадстаўнікоў ЗША, Украіны і Расіі, які адбыўся 10 лістапада ў Абу-Дабі.
Пра гэта зяць Дональда Трампа напісаў у сваім уліковым запісе ў сацсетцы X.
Кушнер падкрэсліў, што ён і Стыў Уіткаф, які таксама прысутнічае на перамовах у сталіцы Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, «па даручэнні прэзідэнта Дональда Трампа працуюць над спыненнем гэтага канфлікту» (маецца на ўвазе вайна Расіі супраць Украіны — заўв. рэд.). Паводле яго слоў, адна з галоўных тэм кансультацый — стварэнне механізмаў бяспекі.
Першы раўнд перамоваў 10 лістапада ў Абу-Дабі працягваўся 4,5 гадзіны з перапынкам на 40 хвілін. Украінскую дэлегацыю ўзначальвае кіраўнік Службы знешняй разведкі Рустэм Умераў, а расійскую — памочнік дыктатара РФ Уладзімір Мядзінскі.
У якасці пасрэднікаў выступаюць спецпасланнікі прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер. Перамовы працягнуцца ў сераду, 11 лістапада.
Украінская дэлегацыя 10 лістапада правяла кансультацыі з прадстаўнікамі Еўропы, НАТА і Еўрасаюза. На гэтай сустрэчы таксама прысутнічалі Уіткаф, Кушнер, галоўнакамандуючы сілаў НАТА ў Еўропе Алексус Грынкевіч і кіраўнік МЗС ААЭ Абдала бін Заід Аль-Нахаян.