11 лiстапада 2026, Серада, 10:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У цэнтры Магілёва знайшлі «партал» у Мадрыд

У цэнтры Магілёва знайшлі «партал» у Мадрыд

Самі іспанцы таксама здзіўляюцца.

У сацсетках завірусілася відэа з каналізацыйным люкам у беларускім Магілёве. На яго крышцы можна ўбачыць надпіс «Мэрыя Мадрыда» і сем зорак — сімвал іспанскай сталіцы. У Threads з’явілася і версія, якая тлумачыць паходжанне незвычайных люкаў.

На ролік звярнула ўвагу беларуска vivamarusia родам з Магілёва, якая цяпер жыве ў Іспаніі, піша «Зеркало».

«Іспанскі інтэрнэт цяпер у лёгкім шоку: па TikTok і Reels вірусіцца відэа з каналізацыйным люкам у Беларусі, на якім горда красуецца… Ayuntamiento de Madrid («Мэрыя Мадрыда». — Заўв. рэд.) і сем зорак іспанскай сталіцы. Іспанцы цалкам сур’ёзна будуюць тэорыі пра тэлепартацыю і збой матрыцы.

А я гляджу на гэта і думаю: я сама вырасла ў Магілёве, столькі гадоў таптала гэтыя тратуары, глядзела пад ногі тысячу разоў — і ні разу не звярнула ўвагі, што мы літаральна хадзілі па «Мадрыдзе», — напісала яна.

На крышцы таксама можна разабраць іспанскія словы Alcantarillado («каналізацыя») і Registro («аглядны люк»).

Паводле версіі аўтаркі, у 2000-х гадах беларускія ліцейныя заводы выраблялі чыгунныя вырабы на экспарт па еўрапейскіх кантрактах. Пры гэтым частка прадукцыі нібыта не праходзіла кантроль якасці, таму яе пакідалі ў Беларусі.

«Разгадка аказалася да смешнага вытворчай. У нулявых нашы беларускія ліцейныя заводы (уключаючы той жа Смаргонскі агрэгатны) рабілі чыгунныя люкі на экспарт па еўрапейскіх кантрактах — строга паводле іх нормаў UNE EN. А тыя крышкі, якія еўрапейскі тэхкантроль бракаваў з-за найменшай пары ў чыгуне або мікратрэшчыны (плюс проста тэхналагічны лішак партыі), назад пераплаўляць не сталі. Іх пусцілі на добраўпарадкаванне сваіх жа вуліц і заводскіх тэрыторый», — сцвярджае беларуска.

Адзначым, у Смаргоні сапраўды працуе ліцейна-механічны завод, які выпускае ў тым ліку каналізацыйныя люкі. Аднак пра тое, што менавіта на ім выраблялі крышкі для Мадрыда і што забракованыя вырабы потым выкарыстоўвалі ў Магілёве, публічна не паведамлялася

Тым часам у каментарыях беларусы распавялі, што падобныя люкі сустракаюцца даволі часта, і не толькі ў абласным цэнтры:

«У Магілёве іх вельмі шмат. На відэа толькі адзін люк. Нават у Бракаве ёсць іспанскія люкі».

«Даўным-даўно такі ў Магілёве бачыла і сфатаграфавала».

«У Магілёве такіх люкаў было нямала».

«Гэта вы яшчэ ў Быхаве пад ногі не глядзелі».

Не абышлося і без жартаў:

«О, віза не патрэбная. Адкрыў — і ўжо ў Мадрыдзе».

«Эх, усё ж не трафейны».

«Як усё проста. А я ўжо ўяўляў, як хтосьці з беларусаў пхае ў багаж удала скрадзены ў Мадрыдзе люк».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲