Дзеля гэтага Пуцін гатовы на любыя кампрамісы
1- Леанід Невзлін
- 10.11.2026, 17:55
- 2,226
Крэмль хоча выкарыстаць перамовы для перадзелу сфер уплыву.
У Абу-Дабі працягваюцца перамовы паміж ЗША, Украінай і РФ. Там прысутнічаюць прадстаўнікі еўрапейскіх краін, але, відаць, яны праводзяць асобныя сустрэчы і непасрэдна ў перамовачным працэсе не ўдзельнічаюць.
Праўда, мала хто верыць, што гэты раўнд прынясе прарыў. Як я ўжо пісаў, тэхнічныя нюансы магчымага спынення агню былі ўзгодненыя амаль год таму. Засталіся палітычныя пытанні, галоўнае з якіх — тэрытарыяльнае. І тут няма ніводнай прыкметы таго, што Масква гатовая адмовіцца ад свайго ультыматуму. Менавіта гэты ультыматум — вывад украінскіх войскаў з Данбаса без бою — амерыканскія перамоўшчыкі спрабуюць надаць яму нейкую прымальную форму.
Сёння The Economist апісаў адну з ідэй, якую прасоўвае Вашынгтон: перакроіць адміністрацыйныя межы Украіны такім чынам, каб Расія магла заявіць пра поўны кантроль над Луганскай і Данецкай вобласцямі, але пры гэтым Украіне не давялося б здаваць гарады, што застаюцца пад яе кантролем. Амерыканцы ўбачылі пэўную «гібкасць», якую пачала праяўляць РФ. Праўда, тут варта ўзгадаць, пасля чаго Пуцін пачаў трансляваць Вашынгтону гэтую ўяўную «гібкасць»: пасля прапаноў пагаварыць пра вяртанне РФ на еўрапейскі энергетычны рынак і пра саму «архітэктуру еўрапейскай бяспекі» пасля вайны.
Вядома, дзеля легітымізацыі сваіх найбольш шалёных ідэй пра адыход НАТА да межаў 1997 года, «новую Ялту», а таксама пра вяртанне ў свае рукі «энергетычнай дубінкі» Пуцін прадэманструе любую гатоўнасць да кампрамісаў. Вось толькі гэта ўжо размова нават не пра лёс адной з найбуйнейшых еўрапейскіх краін — Украіны. Гэта гандаль бяспекай усёй Еўропы.
Пуцін ужо дамогся перамоў падчас вайны. Цяпер яму ўдалося зрушыць межы дапушчальнага да абмеркавання раскладу сіл у Усходняй Еўропе. А таксама, што не менш важна, да абмеркавання афіцыйнай перакройкі межаў дзяржавы — ахвяры агрэсіі — ва ўгоду імперскім амбіцыям РФ. Гэта надзвычай небяспечны прэцэдэнт, перадусім для краін Балтыі і Польшчы. Калі такое атрымаецца зрабіць з Украінай, Масква будзе пастаянна апэляваць да гэтага прыкладу, калі гаворка пойдзе пра лёс Нарвы або Сувалкскага калідора.
Леанід Невзлін, Facebook