Лукашэнка падстаўіў Хрэніна і Вольфовіча
2- 10.11.2026, 16:51
- 2,328
Кіраўнік звёў на нішто намаганні па адбельванні ягонай жа ініцыятывы.
Рашэнне Лукашэнкі накіроўваць вінаватых аграрыяў на «перавыхаванне» ў армію ад самага пачатку сустрэлі размовамі пра чарговы рэпутацыйны ўдар па Узброеных Сілах, служба ў шэрагах якіх з падачы кіраўніка пачала выглядаць не абавязкам, а пакараннем, піша «Салідарнасць».
Міністру абароны Віктару Хрэніну і яго падначаленым давялося нямала папрацаваць, каб хаця б неяк нівеляваць паслясмак ад раптоўнай прымхі Лукашэнкі.
Прэс-служба Мінабароны асвоіла новы тэрмін «армія — донар дысцыпліны». Медыя ведамства, а таксама дзяржаўная прэса рэгулярна распавядалі пра зборы з ваеннаабавязанымі «з ліку спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў».
Пры гэтым прычына, з-за якой гэтыя людзі апынуліся ў арміі, старанна замывалася, акцэнт рабіўся на тым, як рупліва і без нараканняў яны асвойваюць новыя навыкі або аднаўляюць досвед, атрыманы падчас тэрміновай службы.
У часці, дзе праходзілі зборы, выязджаў і кіраўнік Савета бяспекі Аляксандр Вольфовіч, які па выніках адной з інспекцый зрабіў цікавую выснову: «Дзе кіраўнік дакладна ставіць задачы, вызначае рубяжы на дзень, на тыдзень — там ёсць вынік. Там і ўборка ідзе зладжана, своечасова, там і справа ладзіцца. Тое самае і тут».
Па заканчэнні збораў «нястаранных» аграрыяў праводзілі па дамах ледзь не як герояў. Міністр Хрэнін уручыў кожнаму памятныя падарункі і назваў эксперымент Лукашэнкі паспяховым. Пры гэтым намякнуў, што ўлады, калі спатрэбіцца, могуць яго паўтарыць.
І вось праз месяц пасля завяршэння перавыхавальнай эпапеі Лукашэнка фактычна звёў на нішто намаганні міністра абароны і кіраўніка Савета бяспекі па адбельванні ягонай жа ініцыятывы.
Наведваючы гаспадарку «Гарадэц», што перажыла чарговы «рэнасанс» за кошт бюджэту, кіраўнік даў параду яе кіраўніку: «Задачу начарціў, намаляваў. Не зроблена — да Хрэніна, міністра абароны. Будуць зімой капаць зямлю і спаць у намётах».
А праз пару дзён пагроза арміяй прагучала і ў адрас чыноўнікаў падчас семінара-нарады: «Мы займаемся меліярацыяй. Але там, дзе мы правялі меліярацыю, на другі год усё зарастае, ніхто за гэтым не сочыць. Праўда, усюды па-рознаму. Глядзіце, хлопцы, каб не давялося вас адпраўляць да Хрэніна».
Можна будаваць здагадкі, ці адбываецца гэта ад бяссілля прымусіць працаваць неэфектыўную сістэму кіравання, ці ад таго, што старыя пужалкі і пагрозы зашпіліць на руках кайданкі і адправіць за краты больш не дзейнічаюць.
Але ў любым выпадку ёсць адчуванне, што сённяшняя армія ў краіне становіцца для чыноўнікаў і паднявольных работнікаў пастрашней за турму.