СМІ: Чарнагорыя можа выдаць расійскага прапагандыста ЗША
12- 9.10.2026, 14:15
- 7,544
У кіраўніка «Рыбара» былі пры сабе дроны.
Заснавальніка расійскага прапагандысцкага тэлеграм-канала «Рыбар» Міхаіла Звінчука затрымалі ў Чарнагорыі. Паводле інфармацыі выдання Vijesti, якое спасылаецца на крыніцы ў сілавых структурах, у яго і яго калег знайшлі дроны, лічбавую тэхніку і электронныя прылады.
Як піша Vijesti, Звінчука затрымалі супрацоўнікі Дэпартамента бяспекі Тывата і Агенцтва нацыянальнай бяспекі ў раёне Котарскага заліва. Разам з ім пад варту трапілі ягоная жонка і трое калег па расійскай інфармацыйнай сетцы «Рыбар». Паводле слоў крыніц выдання, пры затрыманых былі дроны, складаная лічбавая тэхніка і электронныя прылады. Цяпер з імі праводзяць працэсуальныя дзеянні.
Vijesti сцвярджае, што чарнагорскія спецслужбы загадзя ведалі пра прыезд Звінчука і некалькі дзён сачылі за ім ужо на тэрыторыі краіны.
У праекце «Рыбар» пацвердзілі затрыманне Звінчука і яго калег. Паводле версіі праекта, расіяне знаходзіліся ў Чарнагорыі легальна і збіраліся здымаць Цецінскі манастыр. Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава заявіла, што пасольства РФ у Чарнагорыі высвятляе абставіны затрымання.
Як паведамляе Vijesti, Звінчук знаходзіцца пад санкцыямі Вялікабрытаніі, а ў ЗША яго падазраюць ва ўмяшанні ў амерыканскія выбары. Між Чарнагорыяй і ЗША дзейнічае дагавор аб экстрадыцыі.