Пратэсты студэнтаў з Францыі перакінуліся на Бельгію
1- 7.10.2026, 22:17
- 1,426
Сотні студэнтаў выйшлі на вуліцы ў Льежы.
У бельгійскім Льежы сотні студэнтаў выйшлі на пратэсты супраць адукацыйных рэформаў і росту кошту навучання. За апошнія дні паліцыя затрымала 107 чалавек. Пра гэта 7 кастрычніка паведаміла Reuters.
Улады заклікалі ўладальнікаў крам у горадзе зачыняцца раней праз рызыку беспарадкаў. Афіцыйная сістэма ўрадавых папярэджанняў BE-Alert паведаміла пра «маштабныя беспарадкі».
З-за дэманстрацый часова зачынялі галоўны чыгуначны вакзал Льежа. Паліцыя таксама прасіла людзей пазбягаць цэнтра горада з-за сур'ёзных праблем з рухам. Затрыманні звязаныя, у прыватнасці, з пашкоджаннем маёмасці і падпаламі. У сацыяльных сетках распаўсюджваліся відэа з разбітымі вітрынамі, пажарамі і сотнямі маладых пратэстоўцаў.
Студэнты пратэстуюць супраць сітуацыі ў франкамоўнай сістэме адукацыі Бельгіі. Сярод прычын пратэстаў яны называюць падаражанне навучання, перапоўненыя класы і праблемы з доступам да вучэбных матэрыялаў.
На плакатах удзельнікаў акцый былі, у прыватнасці, надпісы: «Гэта бязладдзе, мы змагаемся за права! Не за прывілей!» і «Я абрала адукацыю, а не галодныя гульні!»
Reuters адзначае, што цяперашнія пратэсты адбываюцца пасля чэрвеньскіх сутыкненняў дэманстрантаў з паліцыяй у Бруселі з-за рэформаў у сферы адукацыі. Яны прадугледжваюць, у прыватнасці, павышэнне платы за навучанне для большасці студэнтаў франкамоўнай супольнасці Бельгіі з €835 да €1194.
Цяперашняя хваля пратэстаў у Бельгіі таксама часткова адбываецца пад уплывам студэнцкіх пратэстаў у суседняй Францыі. Некаторыя бельгійскія студэнты распавялі Reuters, што падтрымліваюць сувязь з французскімі пратэстоўцамі.
«Мы падтрымліваем адзін аднаго, бо сутыкаемся амаль з аднолькавымі праблемамі», – сказаў 19-гадовы студэнт Альфрэд.
19-гадовая Амелія Дзі Сальвэ, якая вучыцца на настаўніцу, распавяла, што студэнцкі рух у Бельгіі ўзнік на пачатку гэтага года, але зноў актывізаваўся пасля дэманстрацый у Францыі.
«Калі мы ўбачылі, што без пратэстаў нічога не мяняецца, мы вырашылі, што пачнём [пратэставаць], Францыя сапраўды крыху паўплывала на нас», – сказала яна.
Мэр Льежа Вілі Дэмеер заявіў RTBF, што спадзяецца на аднаўленне спакою і «што ўдасца наладзіць дыялог, а маладыя людзі змогуць мірна выказаць свае прэтэнзіі і, калі магчыма, дамагчыся таго, каб іх занепакоенасць была пачута».