4 кастрычнiка 2026, Нядзеля, 20:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнку ўразілі планы Крамля

18
Лукашэнку ўразілі планы Крамля

На гэты раз аднымі санкцыямі можна і не адкараскацца.

У наступным годзе Расія збіраецца эканоміць літаральна на ўсім. Акрамя вайны. На вайне Расія эканоміць не збіраецца. Расійскі прэм’ер Міхаіл Мішусцін пазнаёміў Лукашэнку са сваімі фінансавымі планамі больш падрабязна. І нават на Лукашэнку гэтыя планы зрабілі незгладальнае ўражанне. Здаецца, на беларускім саюзніку Расія эканоміць не будзе.

«Гэта ўражлівыя планы», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў Еўразійскага саюза.

Што менавіта яго так уразіла, Лукашэнка не ўдакладніў. У наступным годзе Расія скараціць усе сацыяльныя выдаткі на 6–7%, выдаткі на эканоміку — на 7,5 працэнта. Выплаты па даўгах складуць амаль столькі ж, колькі выдаткі на эканамічнае развіццё.

Затое Расія на траціну павялічыць выдаткі на вайну. Яны складуць 35 працэнтаў ад усіх выдаткаў бюджэту. Калі ўлічваць выдаткі на ўсю астатнюю нацыянальную бяспеку, то атрымліваецца 44 працэнты. Вышэйшую долю бюджэту Савецкі Саюз траціў толькі падчас Другой сусветнай вайны.

«Калі атрымаецца ў Расіі, нам горш не будзе — не толькі ў Беларусі, але і ўсім нам на постсавецкай прасторы», — захапіўся Лукашэнка.

Што да таго, што горш ужо не будзе, тут ён, вядома, крыху паспяшаўся. Горш не будзе, калі ўсё пойдзе паводле плану. А расійскія планы з 2022 года ідуць курсам рускага ваеннага карабля. Таму ёсць усе шанцы, што на вайну Расія выдаткуе яшчэ больш, а на ўсё астатняе, адпаведна, — яшчэ менш.

Здавалася б, чаму тут радавацца? Менш на эканоміку — значыць, менш грошай для беларускага саюзніка. Але, здаецца, Лукашэнку паабяцалі, што яго асабістыя інтарэсы пры секвестры расійскага бюджэту не пацерпяць.

Скарачаючы ўсе астатнія неваенныя выдаткі, расійскія ўлады вырашылі не эканоміць на саюзніках. Бо ў Расіі не бывае бясплатных саюзнікаў. Таму расійскі Мінфін прапануе ў бліжэйшыя тры гады выдзяляць іншым дзяржавам штогод па 6 мільярдаў долараў крэдытаў.

«Пазначаныя аб’ёмы сродкаў неабходныя для завяршэння дзеючых праектаў і выканання прынятых Расійскай Федэрацыяй абавязацельстваў», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да бюджэту.

Колькі з гэтых шасці мільярдаў прыпадае на долю беларускага саюзніка, у бюджэце не ўдакладняецца. Але, відаць, нямала. Інакш лукашэнкаўскі энтузіязм было б цяжка патлумачыць.

«Дай Божа, Міхаіл Уладзіміравіч, каб атрымалася рэалізацыя гэтага плана», — сказаў Лукашэнка ў пятніцу.

І застаецца толькі пытанне, чым Лукашэнка будзе плаціць за гэты атракцыён няслыханай шчодрасці. А плаціць, відаць, давядзецца дорага.

«Вядома, у мяне ёсць пэўныя асаблівасці пры ацэнцы канфлікту ва Украіне… Калі вы, кіраўніцтва Расіі, прымеце рашэнне, мы заўсёды будзем з вамі, нягледзячы на нашы асаблівасці разумення таго, што там адбываецца», — паабяцаў Лукашэнка.

Улічваючы нарастаючую эскалацыю ў адносінах паміж Расіяй і Захадам, абяцанне ісці з Расіяй да канца, «нягледзячы на асаблівасці разумення», выглядае злавесна. У 2022 годзе Расія таксама абяцала Лукашэнку, што ён не застанецца пакрыўджаным і Адэскі порт дарма ў дадатак. Замест гэтага ён атрымаў санкцыі і закрытыя межы. А на гэты раз аднымі санкцыямі можна і не адкараскацца.

Андрэй Бронішэўскі, «Plan B»

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲