7 кастрычнiка 2026, Серада, 13:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заставіць Пуціна дорага заплаціць

Заставіць Пуціна дорага заплаціць
Фота: Getty Images

Пара называць рэчы сваімі імёнамі.

22 гадзіны раздзялялі выступленне Дональда Туска у Сейме 17 верасня і тэрміновую нараду Эмануэля Макрона з лідарамі французскіх партый у Елісейскім палацы. Абодва лідары гаварылі пра адно і тое ж: пагроза з Усходу стала адчувальнай. Туск выдатна падабраў дату — гадавіну савецкага ўварвання 1939 года — і выступіў адразу пасля таго, як расійскі дрон ударыў па цягніку Кіеў–Варшава (ня выпадковасць, праўда?). Рэакцыя была аднолькавай у абедзвюх сталіцах: скепсіс, адмаўленне, абвінавачанні ў драматызацыі — мацней у Францыі, чым у Польшчы, піша Сільві Каўфман ў Le Monde, бо ў літоўцаў з іх планамі эвакуацыі пажылых і ў фінаў з іх «трывожнымі чамаданчыкамі» двухсэнсоўнасці не засталося, а ў Заходняй Еўропы тэрмін «гібрыдная вайна» дагэтуль пакідае прастору для таго, каб не верыць. Назавем гэта тым, што яно ёсць: не асцярожнасць, а страх справакаваць Пуціна. Але справакаваць на што? На ядзерны ўдар па Варшаве?

У тэрміна ёсць функцыя прыкрыцця: ён дазваляе рэагаваць на дыверсію ў Лейпцыгу або на дрон над Балтыкай без аўтаматычнага прыроўнівання да ваеннага нападу паводле артыкула 5, бо ніхто ў Еўропе не гатовы адказваць эскалацыяй на спалены склад. Але гэтая разумная страхавальная логіка ператварылася ва ўцёкі ад рэчаіснасці, якую ў Еўропе засвоілі і з ёй даўно жывуць.

«Гібрыднасць» стала не інструментам выбару адказу, а падставай не адказваць увогуле — шэрай зонай без парога і без наступстваў, той самай канструкцыяй, дзеля якой дактрына Герасімава і пісалася.

Выхад не ў тым, каб абвясціць кожную дыверсію вайной і патрабаваць прымянення пятага артыкула. Выхад — у прамежкавым механізме, але шукаць яго трэба не ў архітэктуры ЕС, дзе адзінадушша 27 краін гадамі не можа нават увесці ў дзеянне ўжо прынятую ў 2022 годзе рэзалюцыю пра прызнанне РФ тэрарыстычнай дзяржавай. І вось чаму. Напрыклад, капітуляцыя Парыжа перад уласнымі санкцыямі — не слабасць, а адкуп. Паводле даных расследавання французскага журналіста Марка Эндэвэльда, Елісейскі палац, злоўлены на кручок бакинскага шантажу па справе Беналы-Ахмедава 2018 года, абмяняў свабоду Усманава і Фрыдмана на ўтойванне ўласнага скандалу. Дзеля гэтага Парыж прапанаваў Латвіі ўвайсці ў перамовы пра французскі ядзерны парасон — кошт, які відавочна перавышае звычайную логіку адной здзелкі па закладніках. Гэта даказвае тое, што Будапешт і Браціслава прадэманстравалі адкрыта: абарона Еўропы руйнуецца не толькі там, дзе ёй перашкаджаюць саюзнікі Крамля, але і там, дзе ўласныя «шкілеты ў шафе» аказваюцца мацнейшымі за дэклараваную салідарнасць.

Механізм прапарцыйных, загадзя абвешчаных адказаў на канкрэтныя інцыдэнты рэалістычны, калі паўстане новая «кааліцыя ахвотных» — краіны Балтыі, Польшча, Скандынавія, Вялікабрытанія, — што дзейнічае без кансенсусу Бруселя. Менавіта так усе апошнія гады прымаліся рашэнні па санкцыях і зброі, калі гэтыя рашэнні ўпіраліся ў вета лідараў краін — і купленых, і запужаных Пуціным. Галава эстонскай разведкі Каупо Розін ужо зрабіў першы крок на ўзроўні мовы, назваўшы гібрыдныя дыверсіі дзяржаўным тэрарызмам. Гэта не стварае аўтаматычнай санкцыі, але змяняе, хто плаціць палітычную цану за паўзу: маўчаць у адказ на акт дзяржаўнага тэрарызму становіцца менш зручна, чым маўчаць у адказ на «гібрыдную пагрозу».

І таму гэтая паўза становіцца ўсё даражэйшай. Крэмль траціць каласальныя сумы на вайну — гэта не зменіцца і не замяняецца дыверсіямі. Бюджэтная дзірка ў ~10 трлн рублёў — яна латаецца канфіскацыяй грошай у алігархаў, павышэннем падаткаў і перанакіраваннем бюджэтных сродкаў. Бо пазычаць пад санкцыямі няма ў каго, і рынак працы, што страціў 2,5 млн чалавек з пачатку ўварвання і гатовы страціць яшчэ 1,4 млн сёлета, — усё гэта не азначае, што «другі фронт» выдаткаў рэжым фізічна не вытрымае. Вытрымае і палезе далей. Пуціну начхаць на кошт вайны — пытанне ніколі не стаяла ў катэгорыях бухгалтарскага балансу, інакш вайну спынілі б яшчэ пасля першага трыльёна рублёў страт. Бязадказная шэрая зона не стварае ў Пуціна новых рэсурсаў — яна гарантуе, што адзіны застаўшыся яму танны рычаг ціску нічога не каштуе. Размытая мова не стрымлівае гэтую логіку, а раззадорвае Крэмль: яна пацвярджае, што гэтая страхоўка працуе.

Польшча добра ведае гэтую логіку. І не толькі з гісторыі. У ноч на 9 верасня 2025 года расійскія дроны ўвайшлі ў яе паветраную прастору — прэзідэнт Кароль Навроцкі назваў гэта наўмыснай праверкай рэакцыі НАТА, а збітыя польскімі і саюзнымі ВПС дроны сталі першым прамым баявым сутыкненнем альянсу з расійскай тэхнікай над сваёй тэрыторыяй за ўсю вайну. За 2025 год такіх парушэнняў было васямнаццаць, а 24 верасня 2026-га НАТА зноў падымала знішчальнікі — гэтым разам з-за расійскага верталёта над польскім небам. Кожны такі эпізод паасобку — «інцыдэнт». Васямнаццаць за год — ужо не інцыдэнт, а метад, і Варшава заплаціла за гэта веданне бяспекай уласнага неба раней, чым гэта стала тэмай для парыжскіх газет.

Назваць рэчы сваімі імёнамі — гэта не пра прэсу і не пра гісторыкаў. Гэта і ёсць вайна. Дыверсіі — гэта тэракты. Маўчанне Бруселя — не стратэгічная асцярожнасць, а баязлівасць.

І калі Пуціну начхаць на кошт, адзіны рычаг, што застаўся ў Еўропы, — прымусіць Маскву дорага заплаціць.

Аарон Леа, Борух Таскін, kasparovru.com

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲