Ад аўтобусаў да камбайнаў: на Гомельшчыне распрадаюць маёмасць чарговага даўжніка
1- 30.10.2026, 19:07
- 1,134
Пра тое, што прадпрыемства — даўжнік, стала вядома толькі дзякуючы аўкцыёну.
Больш за два дзесяткі лётаў па продажы тэхнікі Мазырскай гароднінасховішча-фабрыкі размешчана на пляцоўцы электронных аўкцыёнаў, заўважыў «Флагшток». Уся маёмасць — арыштаваная за даўгі прадпрыемства.
Сярод распрадаванай тэхнікі — легкавыя аўтамабілі і грузавікі, і нават камбайн і два аўтобусы «МАЗ 103562». Найтаннейшы з іх, выпуску 2011 года, можна набыць па пачатковай цане ўсяго 5 тыс. 400 рублёў.

Праўда, тэхніка даўно не на хаду — судзячы па апублікаваных фота. У аўтобуса спушчаныя шыны, некаторых колаў увогуле няма, бачныя сляды карозіі.
Пра тое, што прадпрыемства — даўжнік, стала вядома толькі дзякуючы аўкцыёну. Афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма. Наадварот, у дзяржаўнай прэсе на пачатку 2026 года пісалі, што «зыходзячы са склаўшайся фінансава-вытворчай дзейнасці, планы на перспектыву ў гаспадаркі амбіцыйныя: рэалізацыя двух інвестпраектаў па будаўніцтве малочнатаварнага комплексу ў Мелешкавічах і прафілакторыя для цялят».

І адзначалі: «нягледзячы на тое, што ў апошнія гады гаспадарка не выходзіць на лідарскія пазіцыі, патэнцыял у яе ўсё ж ёсць і ёсць да чаго імкнуцца».
Прафілакторый сапраўды пачалі будаваць, пра што паведамлялі ў чэрвені. У профілі прадпрыемства значацца жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку і раслінаводства.