30 кастрычнiка 2026, Пятніца, 20:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Работнікам з Таджыкістана абяцаюць у Беларусі да 1200 долараў у месяц

40
Работнікам з Таджыкістана абяцаюць у Беларусі да 1200 долараў у месяц
ілюстрацыйнае фота

Дзе іх збіраюцца працаўладкоўваць.

Прадпрыемствы Гродзенскай вобласці дамовіліся аб найме работнікаў з Таджыкістана: замежнікам абяцаюць ад 750 да 1200 долараў у месяц, жыллё і часткова бясплатнае харчаванне. Як паведаміла таджыкскае Міністэрства працы, міграцыі і занятасці насельніцтва, пагадненні заключаныя больш чым з дзесяццю кампаніямі.

Дамоўленасці былі дасягнутыя падчас рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць прадстаўнікоў таджыкскага Агенцтва па працаўладкаванні за мяжой. Работнікаў плануюць прыцягваць у будаўніцтва, сельскую гаспадарку, тэкстыльную і цяжкую прамысловасць, сферу паслуг і ў транспарт.

Пагадненні падпісалі «Гронитекс», «Белкард», агракамбінат «Скидельский», «Гроднопромстрой», «Гроднооблавтотранс», «Цветлит», Гродзенская птушкафабрыка і аўтобусны парк Гродна. Працу замежнікам прапануюць таксама фермерскія гаспадаркі і «Гродненский сад»: там патрэбныя людзі для вырошчвання і збору яблыкаў і для працы ў цяпліцах.

Аўтобусны парк Гродна хоча наймаць грамадзян Таджыкістана кіроўцамі аўтобусаў і тралейбусаў; частка таджыкістанцаў на прадпрыемстве ўжо працуе.

Памер зарплаты — ад 750 да 1200 долараў — залежыць ад прадпрыемства і спецыяльнасці. Акрамя гэтага, наймальнікі гатовыя прадаставіць жыллё, рабочае адзенне і часткова забяспечыць харчаваннем. Ад кандыдатаў патрабуюцца веданне рускай мовы, адсутнасць судзімасці і добрае здароўе.

Колькі менавіта работнікаў плануюць прыцягнуць і калі яны змогуць прыступіць да працы, у ведамстве не ўдакладнілі.

Кадравы голад і сітуацыя з мігрантамі

Нагадаем, улады занепакоеныя дэфіцытам кадраў і рэгулярна падкрэсліваюць патрэбу рынку працы ў замежнай рабочай сіле. У Мінпрацы гэта тлумачылі таксама рэкордна нізкім узроўнем беспрацоўя і тым, што эканоміка штогод стварае дзясяткі тысяч новых працоўных месцаў.

Аляксандр Лукашэнка раней спрабаваў дамовіцца з уладамі Пакістана аб арганізацыі масавага прытоку людзей адтуль у Беларусь — да 150 тысяч чалавек. Аднак з гэтай ідэі нічога не выйшла. У маі 2026 года міністр унутраных спраў Іван Кубракоў паведаміў: у нашай краіне знаходзяцца 324 пакістанцы.

9 ліпеня 2026 года на сустрэчы з Шаўкатам Мірзіёевым беларускі дыктатар прапанаваў працоўным мігрантам з Узбекістана пераязджаць у нашу краіну сем’ямі.

У тым жа месяцы ў Беларусь чартарным рэйсам прыбылі каля 250 жыхароў Андыжанскай вобласці Узбекістана для працы ў сельскай гаспадарцы і жывёлагадоўлі. На першым этапе ўлады планавалі працаўладкаваць 1100 узбекістанцаў на 13 прадпрыемствах Віцебскай і іншых абласцей. У далейшым іх колькасць хацелі павялічыць да 5000 чалавек.

Аднак неўзабаве пасля прыезду частка работнікаў паскардзілася на прапанаваныя ўмовы працы і пражывання. Мужчыны сцвярджалі, што ім абяцалі зарплату ў 500 долараў, з якой давялося б самастойна аплачваць жыллё і харчаванне. Яны заявілі, што пры такіх умовах гатовыя вярнуцца на радзіму.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲