Еўрапейскія лідары падтрымалі Зяленскага
2- 12.10.2026, 12:22
- 2,424
Хваля салідарнасці з еўрапейскіх сталіц.
Прадстаўнікі краін Еўропы выказалі падтрымку прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму пасля таго як гаспадар Белага дома Дональд Трамп аслабіў санкцыі супраць паставак расійскага дызпаліва і заклікаў змяніць кіраўніка Украіны. «Мы падтрымліваем Украіну. Мы падтрымліваем прэзідэнта Зяленскага», — заявіў у размове з BBC міністр абароны Вялікабрытаніі Уэс Стрытынг.
У суботу Трамп сказаў, што Украіне патрэбны новы лідар, здольны «заключыць здзелку» для спынення вайны, і што Зяленскаму лепш спыніць атакі на расійскія НПЗ і «не ствараць праблемы ўсяму свету». У адказ на гэта кіраўнік МЗС Германіі Ёган Вадэфуль у нядзелю заявіў, што Берлін працягвае «поўнасцю падтрымліваць» Зяленскага, перадае Euronews. «Еўропе патрэбна стабільнасць, а гэта азначае, што мы зусім дакладна працягваем заставацца на баку Украіны і яе ўрада», — падкрэсліў ён. Прэзідэнт Эмануэль Макрон таксама падтрымаў украінскага прэзідэнта: «Францыя працягне заставацца на баку Украіны і прэзідэнта Зяленскага».
Па словах французскага лідара, Парыж выступае за «рэальнае энергетычнае перамір’е» паміж Расіяй і Украінай, аднак Масква «па-ранейшаму адмаўляецца ад гэтага і апошнім часам яшчэ больш актывізавала ўдары па ўкраінскай інфраструктуры».
Польскі прэм’ер Дональд Туск «абсалютна перакананы», што ніхто не зможа зламаць Украіну і яе прэзідэнта ў іх «барацьбе супраць расійскай агрэсіі», напісаў палітык у X. «Я запэўніў [Зяленскага], што ён можа разлічваць на поўную салідарнасць Польшчы і Еўропы з украінскім народам», — заявіў ён.
Прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен таксама падтрымала ўкраінскага лідара «ў ягонай барацьбе за свабоду свайго народа», а кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас заявіла, што Еўропа не змякчыць сваю пазіцыю ў дачыненні да РФ. «Цяпер не час аслабляць ціск на Расію, і Еўропа гэтага не зробіць», — напісала яна ў X.