Кампанія Fiat прыдумала аўтамабіль-трансформер
- 12.10.2026, 12:44
- 1,210
Мінівэн, пазадарожнік і пікап у адным.
Fiat прадставіла незвычайны канцэпт Multiplay, які аб’ядноўвае мінівэн, пазадарожнік і пікап. Навінка развівае ідэі знакамітай Multipla, але замест звыклага сямейнага аўтамабіля прапануе машыну, здольную змяняць канфігурацыю ў залежнасці ад патрэб уладальніка, піша Motor1 (пераклад — сайт Charter97.org).
Канцэпт даўжынёй 4,45 метра разлічаны на шэсць пасажыраў і дадатковае месца. Галоўная асаблівасць мадэлі — рухомая задняя сэкцыя. Яна ссоўваецца па спецыяльных накіроўвальных, ператвараючы аўтамабіль у чатырохмесны пікап з адкрытым грузавым адсекам.

«Уявіце швейцарскі армійскі нож на колах», — так аўтары выдання апісваюць ідэю новага Fiat.
Машына прызначаная як для штодзённых сямейных паездак, так і для перавозкі веласіпедаў, спартыўнага рыштунку і буйнагабарытных рэчаў. Больш за тое, задні спойлер ператвараецца ў мацаванне для двух веласіпедаў.

Салон таксама поўны незвычайных рашэнняў. Дадатковае модульнае сядзенне можна выкарыстоўваць для дзіцяці або хатняй жывёлы, а таксама ператварыць у невялікі столік або адсек для захоўвання рэчаў. Пярэдняе пасажырскае крэсла разварочваецца назад і ператвараецца ў нешта кшталту шэзлонга.
