У Бельгіі затрымалі падазраваных у падрыхтоўцы тэракту супраць прэм’ера
4- 9.10.2025, 22:06
- 4,084
Тэракт рыхтавалі трое маладых людзей.
У Бельгіі затрыманыя трое маладых людзей па падазрэнні ў планаванні тэрарыстычнай атакі з выкарыстаннем выбухоўкі, усталяванай на дронах, перадае AFP.
«Некаторыя элементы паказваюць, што падазраваныя намерваліся здзейсніць тэрарыстычную атаку, натхнёную джыхадызмам, супраць палітычных дзеячаў», — заявіла федэральная пракурорка Анн Франсен.
Мішэнню, у тым ліку, быў прэм’ер-міністр Барт дэ Вевер, — паведаміў віцэ-прэм’ер Максім Прэво, перадае De Standaard. У X палітык паведаміў, што навіна пра падрыхтоўку атакі шакавала, і выказаў падтрымку дэ Веверу.
Былі затрыманыя тры чалавекі 2001, 2002 і 2007 гадоў нараджэння. Першага пазней адпусцілі. De Standaard піша, што сярод тых, хто застаўся пад вартай, ёсць чалавек чачэнскага паходжання.
Затрыманні адбыліся ў Антверпене. Падчас вобшукаў праваахоўнікі знайшлі «самаробную прыладу — патэнцыйна выбуховую, але яшчэ не гатовую да выкарыстання, а таксама сумку з металічнымі шарыкамі», — паведаміла Франсен, а таксама 3D-прынтар, «які, як мяркуецца, прызначаўся для вырабу кампанентаў для здзяйснення атакі», у прыватнасці дрона, — удакладніла пракурорка.