23 лiпеня 2024, aўторак, 12:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь у NАТО - ключ да бяспекі Еўропы

8
Беларусь у NАТО - ключ да бяспекі Еўропы
ЮРЫЙ ФЯЛЬШЦІНСКІ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Уздоўж межаў Расеі павінен з'явіцца адзіны блок супольных дзяржаў.

Сайт Charter97.org прадаўжае публікацыю артыкулаў з кнігі, выдадзенай фондам "Еўрапейская Беларусь". Гэты артыкул напісаны вядомым амерыканскім гісторыкам і пісьменнікам Юрыем Фяльшцінскім.

Усходнееўрапейская дзяржава, што мяжуе з Расеяй, Польшчай, Украінай, Літвой і Латвіяй, якая з'яўляецца асобным буферам паміж Расеяй і Еўропай і не мае сваіх партоў, у сучасным свеце закліканая быць зручнай транзітнай зонай, якая лучыць Усход і Захад, Расею і Еўропу. Так і было з канца 1991 году, калі Беларусь атрымала сваю незалежнасць. Пад 2022 год гэтая транзітная зона стала плацдармам для запланаванага ўварвання Расеі ва Украіну і ўварвання расейскіх войскаў ва Усходнюю Еўропу пасля захопу Украіны.

Трансфармацыя Беларусі з незалежнай дэмакратычнай краіны ў расейскі пратэктарат, які ўзначальвае кіраваны з Крамля дыктатар, заняла 25 гадоў. Абраны ў 1994 годзе прэзідэнтам краіны Аляксандр Лукашэнка ні ў дэмакратыю, ні ў незалежнасць сваёй краіны не верыў.

Яго абранне з'явілася наступствам стомленасці беларускага народа ад цяжкай эканамічнай бязладзіцы пачатку 1990-х гадоў, выкліканых крахам СССР і знікненнем звыклай для савецкіх грамадзян планавай дзяржаўнай эканомікі, на змену якой яшчэ не прыйшла рынкавая, якая пачала дзейнічаць трохі пазней. На гэтых эканамічных узрушэннях лёгка згуляў хітры Лукашэнка, які паабяцаў сваім выбаршчыкам стабільнасць і дабрабыт. Цана гэтай стабільнасці ў 1994 годзе зразумелая яшчэ не была.

8 снежня 1999 года, незадоўга да свайго адыходу з пасады прэзідэнта, састарэлы Барыс Ельцын (які перадаў 31 снежня Расею пад кантроль дзяржаўнай бяспекі ў асобе Пуціна), падпісаў указ “Аб стварэнні саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі”. Лукашэнка да гэтага дня быў ужо аўтарытарным дыктатарам. Пуцін толькі станавіўся на гэтую сцежку. Уладу з рук адмовіўся выпусціць і першы, і другі. Абодва засталіся кіраваць сваімі краінамі пажыццёва.

Усё больш і больш Беларусь уцягвалася ў арбіту Расейскай Федэрацыі, спакваля становячыся плацдармам для рыхтавання расейскай агрэсіі супраць суседзяў. У зону рызыкі трапілі найперш Украіна, Польшча і Літва. З'яўленне расейскіх авіябаз у Беларусі, безупынныя супольныя вучэнні і фармальна ўзятыя на сябе Расеяй абавязкі ахоўваць вонкавую мяжу Беларусі сталі рэальнымі паказальнікамі на тое, што ў будучым вайсковым канфлікце Беларусь будзе на старане Расеі і дасць ёй для атакі сваю тэрыторыю.

Вайсковая кампанія Расеі супраць Украіны, распачатая ў сакавіку 2014 года, мела толькі частковы поспех. Расея захапіла Крым і пачала аперацыю “Наваросія” з мэтай авалодання ўсходнімі і паўднёвымі тэрыторыямі Украіны і прарыву да Прыднястроўскага рэгіёну Малдовы, дзе з 1995 года былі сканцэнтраваныя расейскія войскі, якія налічвалі ў той момант 3500 чалавек. Аднак аперацыя “Наваросія” зазнала крах. Праткнуцца да Прыднястроўя расейскія войскі не змаглі. За адзіны поспех Расеі ў кампаніі 2014 года, апроч Крыма, можна было ўважаць распачатую вайну на Данбасе і фармальнае ўтварэнне нікім не прызнаных “Данецкай” і “Луганскай” народных рэспублік.

Беларусь унікла тады дырэктыўнага ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на баку Расеі, але ў палітычнай і дыпламатычнай сферы відавочна падтрымала расейскую агрэсію. Невыпадкова кабальныя ўмовы "мірных пагадненняў", навязаных Украіне, падпісваліся менавіта ў Менску і атрымалі назву "менскія".

У самой Беларусі сітуацыя моцна змянілася пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, на якіх Лукашэнка саступіў. Лукашэнка адмовіўся прызнаць паразу і пакінуць сваю пасаду. Пратэставы рух быў жорстка задушаны ў тым ліку з дапамогай расейскіх войскаў, таемна перакінутых з Расеі і пераадзетых у беларускую форму. Лукашэнка здолеў застацца ва ўладзе, цяпер ужо як дыктатар. Але якую-небудзь самастойнасць у стасунках з Расеяй і Пуціным ён страціў.

Беларусь пакрысе запаўнялася расейскім войскам. Надыходзіў 2022 год, на які быў запланаваны захоп Расеяй Украіны. Беларусь мела адыграць у гэтай вайсковай кампаніі самую галоўную ролю: кірункам галоўнага ўдару расейскага войска гэтым разам быў кіеўскі, з Беларусі. Пачынаць кампанію 2022 года ўдарамі з Поўдня і Усходу, як гэта было зроблена ў 2014-м, азначала ператварыць вайну ў пазіцыйную ўжо на першым яе этапе. Наступ з Поўначы на Кіеў меўся забяспечыць Расеі пераможны бліцкрыг, параўнальны з Крымскай аперацыяй сакавіка 2014 года.

Лукашэнка даў тэрыторыю Беларусі для канцэнтрацыі расейскіх войскаў і атакі на Кіеў. Неўзабаве пасля пачатку вайны на загад Пуціна ён затэлефанаваў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму і ад імя Пуціна прапанаваў Украіне капітуляваць. Зяленскі адмовіўся.

Вайна трывае ўжо доўгі час і забрала жыццё сотняў тысяч людзей. Яна можа закончыцца пры трох умовах:

калі заходнія хаўруснікі Украіны прымуць пастанову аб выдачы Украіне ў патрэбнай колькасці наступальных тыпаў узбраення, у тым ліку ракет далёкага радыусу дзеяння;

калі яны дазволяць Украіне выкарыстоўваць гэтую зброю для нанясення ўдараў па тэрыторыі супраціўніка — Расейскай Федэрацыі, у тым ліку Маскве;

калі яны, супольна з Украінай, ліквідуюць пагрозу ў дачыненні да Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі, якая ідзе з Беларусі, бо сёння, праз паўтара года Беларусь далей застаецца найважнейшым геапалітычным плацдармам расейскай агрэсіі ў Еўропе. Пра гэта сведчаць і шматлікія агрэсіўныя заявы беларускага дыктатара Лукашэнкі і ягоных прапагандыстаў, і вывад Беларусі ў канцы лютага 2022 года са статусу бяз'ядзернай дзяржавы, і, нарэшце, распачатае перакідванне ў Беларусь расейскай тактычнай ядзернай зброі і вайсковых фармаванняў групы “Вагнер”, якія пагражаюць уварваннем з беларускай тэрыторыі ва Украіну, Польшчу і Літву.

Можна разглядаць усякія тэарэтычна магчымыя сцэнары заканчэння расейска-ўкраінскай вайны. Але ніводзін з гэтых сцэнараў не гарантуе міру Украіне і Усходняй Еўропе, калі ён не будзе прадугледжваць адначасовага вызвалення Беларусі ад расейскай акупацыі, падзення рэжыму Лукашэнкі і аднаўлення дэмакратыі ў Беларусі. Напраўду без папярэдняга або адначасовага вызвалення Беларусі немагчымае заканчэнне расейскай вайны ва Украіне.

У той жа час страта Расеяй кантролю над Беларуссю робіць немагчымым для Расеі вядзенне вайсковых дзеянняў супраць Украіны на паўночным кірунку, асуджаючы яе на пазіцыйныя баі супраць украінскага войска на Поўдні і Усходзе — двух кірунках, з вайскова-стратэгічнага пункту гледжання абсалютна бесперспектыўных. Расея не можа ні перамагчы ў вайне супраць Украіны, ні хоць неяк значна прасунуцца ў гэтай вайне ўглыб Украіны з Усходу і Поўдня, калі яна страчвае Беларусь, у той час як усходняя Еўропа з вызваленнем Беларусі набывае найважнейшы буфер бяспекі, які падзяляе Усходнюю Еўропу і Расею.

Для аднаўлення незалежнасці Беларусі ёсць усе неабходныя варункі. Насельніцтва гэтай краіны ўжо ў 2020 годзе прадэманстравала сваю прыхільнасць дэмакратыі, калі спрабавала мірным пратэставым рухам прымусіць Лукашэнку пайсці ў адстаўку. Сотні апазіцыйных палітыкаў апынуліся за кратамі. Шэраг лідараў апазіцыі быў вымушаны пакінуць краіну. Яны знаходзяцца за мяжой і ахвочыя вярнуцца на радзіму для працягу сваёй дзейнасці, як толькі гэта дазволяць абставіны.

Дзясяткі тысяч беларусаў з'ехалі з дзяржавы, дзе немагчыма было цяпер свабодна жыць і працаваць. Але яны вернуцца ў Беларусь з вяртаннем дэмакратыі. Касцяк узброеных сіл вольнай Беларусі сёння ваюе поплеч з украінскім войскам супраць расейскай агрэсіі. Гэтыя людзі ахвочыя ініцыяваць і ўзначаліць нацыянальна-вызваленчы рух Беларусі за вызваленне яе ад рэжыму Лукашэнкі і расейскай акупацыі. Натуральнымі хаўруснікамі Беларусі ў гэтай барацьбе будуць Украіна і краіны НАТА, зацікаўленыя ў ліквідацыі навіслай над Еўропай пагрозы, якая ідзе ад рэжыму Лукашэнкі, кіраваным Пуціным.

На заканадаўчым узроўні дэмакратычная Беларусь мае перагледзець і дэзавуяваць усе тыя дамоўленасці, якія былі дасягнуты старым урадам на шкоду інтарэсам і незалежнасці краіны. Беларусь абавязана вярнуць сабе бяз'ядзерны статус, адмовіцца ад размяшчэння на сваёй тэрыторыі расейскай ядзернай зброі, выйсці са шматлікіх кабальных пагадненняў з Расеяй, у тым ліку саюзнай дамовы ад 8 снежня 1999 года, розных вайсковых пагадненняў, і адмовіцца ён супрацоўніцтва з Расеяй у СНД, АДКБ і ЕАЭС. Выхад з гэтых міждзяржаўных структур з'яўляецца абавязковай умовай для набыцця Беларуссю незалежнасці.

Для гарантавання вайскова-палітычнай і эканамічнай бяспекі сваёй краіны ў будучыні новы ўрад Беларусі мае разгледзець пытанне аб уваходжанні ў НАТА, з аднаго боку, і Еўразвяз — з другога. Залучэнне ў НАТА і Еўразвяз яшчэ і Украіны дазволіць, нарэшце, Еўропе стварыць уздоўж меж Расеі адзіны блок хаўрусных дзяржаў, здольны супрацьстаяць усякай патэнцыйнай пагрозе Расеі і гарантаваць Еўрапейскаму кантыненту мір, парушаны Расеяй у 21-м стагоддзі прынамсі чатыры разы: у жніўні 2008 года (у Грузіі), у сакавіку 2014 года (ва Украіне), у студзені 2022 года (у Беларусі) і ў лютым 2022 года (зноў ва Украіне).

Беларусь не зможа захаваць сваю незалежнасць, калі застанецца за межамі НАТА і ЕЗ і замест гэтага абвесціць аб нейтралітэце або ўступіць у нейкія рэгіянальныя аб'яднанні кшталту Балтыйска-Чарнаморскага звязу.

Пытанне аб чарговай спробе захопу яе Расеяй будзе ў гэтым выпадку толькі пытаннем часу дакладна гэтак жа, як стала яно пытаннем часу для Украіны перыяду 2014-2022 гадоў.

Юрый Фяльштынскі – расейска-амерыканскі гісторык.

Аўтар кніг “Узрываючы Украіну: вяртанне расейскага тэрору і пагроза Трэцяй сусветнай вайны” і “Ад Чырвонага тэрору да мафіёзнай дзяржавы. Спецыяльныя службы Расеі ў барацьбе за сусветнае панаванне”.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках