14 лiстапада 2024, Чацвер, 4:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Погляд з Польшчы: Калі Беларусь увойдзе ў НАТА?

11
Погляд з Польшчы: Калі Беларусь увойдзе ў НАТА?
ЯНУШ АНЫШКЕВІЧ
ФОТА: WYBORCZA.PL

Выбар і імкненні беларусаў павінны быць еўрапейскімі.

Сайт Charter97.org прадаўжае публікацыю артыкулаў з кнігі "Беларусь у НАТА", выдадзенай фондам "Еўрапейская Беларусь". Гэты артыкул напісаны былым міністрам абароны Польшчы, старшынёй Рады Еўраатлантычнай асацыяцыі Янушам Анышкевічам.

Новай дэмакратычнай Беларусі, якая несумненна ўзнікне пасля натуральнага або вымушанага адыходу Лукашэнкі, давядзецца прымаць пастанову аб тым, якое месца яна хоча заняць на еўрапейскай палітычнай арэне, а таксама вызначаць свае прыярытэты і палітыку ў галіне бяспекі.

Беларусь сутыкнулася з падобным выклікам на пачатку 1990-х, калі Савецкі Саюз, утвораны гэтымі ж краінамі ў 1922 годзе, быў распушчаны ў снежні 1991 года пастановай лідараў Расеі, Украіны і Беларусі.

Першай праблемай тады было вызначыць стасункі зноў утворанай незалежнай беларускай дзяржавы з іншымі дзяржавамі, якія пачалі з'яўляцца на тэрыторыі былога СССР. Асабліва важным было сфармаваць стасункі з Расеяй, якая абвясціла сябе правапераемніцай СССР і пэўна захацела захаваць свой статус лідара і гегемона над краінамі, што зноў узнікалі.

У Беларусі склалася даволі спецыфічная сітуацыя. Са слоў вядомага беларускага аналітыка Валера Карбалевіча,

"Феномен Беларусі быў у тым, што праз нізкі ўзровень самасвядомасці і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі пытанне дзяржаўнага суверэнітэту стала яблыкам разладу і аб'ектам вострай палітычнай барацьбы".

Такая барацьба праходзіла паміж часткай новай палітычнай эліты, накіраванай на праграмы стварэння і ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці, адлучанай ад савецкай, і велізарнай часткай былых палітычных эліт, якія мелі больш кансэрватыўны падыход.

Такім чынам, у Беларусі ў наяўнасці было сутыкненне дзвюх тэндэнцый. Першая выразна адсочвалася найперш у дзейнасці Беларускага Народнага Фронту (БНФ). Яго задачай было стаць на шлях нацыянальнага будаўніцтва, грунтаваным на поўнай незалежнасці ад Расеі, уважаючы расейскі ўплыў за пагрозу развіцця самабытнасці беларусаў ды іхняй сапраўднай нацыянальнай ідэнтычнасці.

Аднак існавала іншая, нашмат больш кансэрватыўная тэндэнцыя, якая выяўляецца ва ўплывовай частцы палітычнай эліты, што не заўважала якіх-небудзь пагроз з боку Расеі. Грунтуючы свае довады перш за ўсё на рэальных патрэбах эканомікі і войска, а таксама культурнай блізкасці, гэтая частка эліты пастулявала падтрыманне блізкіх стасункаў з Расеяй.

Вынікі рэферэндуму, праведзенага ў траўні 1995-га (да таго, як Лукашэнка здолеў цалкам умацавацца ва ўладзе і ўзяць беларускае грамадства пад поўны кантроль), з'яўляюцца важкім сведчаннем стаўлення гэтай большасці сучаснага беларускага грамадства да Расеі. На гэтым рэферэндуме пераважная большасць нібыта прагаласавала за аднаўленне расейскай мовы ў якасці афіцыйнай, за далейшую інтэграцыю з Расеяй і за прыняцце такіх дзяржаўных сімвалаў як сцяг і герб у стылі савецкай эпохі. Праблема ў тым, што невядома ў якой ступені вынікі рэферэндуму былі сфальсіфікаваныя.

Адной з арэн барацьбы за будучыню Беларусі стала пытанне дамоўных сувязяў паміж Беларуссю і Расеяй.

Інструментам, які мог бы дазволіць Расеі граць ролю гегемона, быў вайсковы хаўрус, вядомы як Ташкенцкае Пагадненне аб калектыўнай бяспецы, укладзенае ў траўні 1992 года. Яно мела стаць падставай далейшага вайсковага супрацоўніцтва паміж яго падпісантамі і забяспечыць агульныя гарантыі бяспекі.

Гэтае Пагадненне было падпісанае шасцю краінамі: Арменіяй, Казахстанам, Кіргізстанам, Расеяй, Таджыкістанам і Узбекістанам. Беларусь яго не падпісвала, але быў моцны ціск з боку кансерватыўных колаў, што прывяло да падпісання ў Маскве ў ліпені 1992 года пагаднення аб шчыльным супрацоўніцтве паміж узброенымі сіламі абедзвюх краін.

Тэза аб нейтралітэце ўрэшце ўвайшла ў вайсковую дактрыну Беларусі, прынятую годам пазней у наступнай рэдакцыі: "Рэспубліка Беларусь, улічваючы яе геапалітычнае становішча, будзе імкнуцца дасягнуць у сваёй незалежнай замежнай палітыцы статусу пазаблокавай, бяз'ядзернай і нейтральнай дзяржавы".

Перакручаная і дзіўная заява Міністэрства юстыцыі Беларусі пра поўную адпаведнасць падпісаных пагадненняў аб вайсковым супрацоўніцтве і Ташкенцкага Пагаднення вышэйназваным тэзам аб нейтралітэце праклала шлях да ратыфікацыі гэтага пагаднення ў красавіку 1993 года. У выніку Беларусь стала на сцяжыну павелічэння вайсковай і палітычнай залежнасці ад Расеі.

Сённяшняя Беларусь пры ўсёй уяўнай незалежнасці палітычна і эканамічна цалкам залежыць ад Расеі. Што да яе ўзброеных сіл, то яны практычна цалкам інтэграваныя ў заходнюю групоўку расейскага войска.

Новай, дэмакратычнай Беларусі, якая жадае цалкам аднавіць свой суверэнітэт, давядзецца, такім чынам, скасаваць усё, што было ўчыненае Лукашэнкам і, перш за ўсё, зрабіць стратэгічны выбар аднаго з наступных трох магчымых кірункаў.

Выбар першага азначаў бы прызнанне Расеі ў якасці патэнцыйнай пагрозы асноватворным інтарэсам Беларусі, такім як нацыянальны суверэнітэт і бяспека меж, а таксама прызнанне неабходнасці ўсебаковага развіцця, грунтаванага на блізкіх сувязях з Захадам.

Гэта магло б прычыніцца да пошуку бяспекі, грунтаванай на сяброўстве ў НАТА.

Такая праграма вельмі радыкальная. Перш за ўсё, Беларусі давялося б цалкам перабудаваць існую развітую сістэму палітычных і вайсковых сувязяў з Расеяй. А яны цяпер вельмі моцныя, што зніжае статус Беларусі практычна да статусу сатэліта Расеі, і пагражае ператварэннем яе ў суб'ект Расейскай Федэрацыі.

Пры такім выбары неабходна было б пачаць выхад з Саюза Беларусі і Расеі і з усіх пастаноў і абавязкаў, прынятых у яго рамках. Далей давялося б пакінуць Супольнасць Незалежных Дзяржаў (СНД) і Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) — звязу, створанага нібыта паводле мадэлі НАТА, у які было пераўтворанае Ташкенцкае Пагадненне, і вызваліць беларускія ўзброеныя сілы ад усіх арганізацыйных, асабовых і дактрынальных сувязяў з узброенымі сіламі Расейскай Федэрацыі. У той час як адрозненне ў вайсковай тэхніцы беларускага войска з аналагамі, якія выкарыстоўваюцца ў НАТА, не з'яўляецца асноўнай перашкодай (хоць сістэмы сувязі, распазнавання, паветранай абароны і структуры давядзецца мяняць), варта было б звярнуць увагу на надзейнасць сакрэтных службаў. У НАТА ахова сакрэтнай інфармацыі, што супольна выкарыстоўваецца, знаходзіцца ў веданні нацыянальных службаў, якія павінны гарантаваць надзейнасць і ўстойлівасць да інфільтрацый і выцекаў. Дадатковая праблема — неабходна ведаць ангельскую мову, працоўную мову альянсу.

Да НАТА далучаюцца не ўзброеныя сілы, а ўся краіна. Гэта мае быць дэмакратычная дзяржава з моцнымі і прызнанымі дэмакратычнымі інстытутамі, дзе створаныя дзейсныя перашкоды карупцыі і ёсць здаровая рынкавая эканоміка. І апошняе, (але не меншае значнасцю) – гэта мае быць краіна, дзе ажыццёўленыя асноватворны прынцып цывільнага кантролю над узброенымі сіламі, які робіць узброеныя сілы не чыннікам уплыву на дзяржаўную палітыку, а важным, але толькі інструментам дэмакратычна абраных улад.

Праграма сяброўства ў НАТА мае быць прынятая большасцю значных палітычных сіл, якія з'явяцца ў дэмакратычнай Беларусі, і большасцю беларускага грамадства. І зрабіць гэта будзе зусім не лёгка. Ва Украіне большасць палітычных эліт была за ўступленне Украіны ў НАТА, але ўспрыманне НАТА ўкраінскім грамадствам было іншым. На працягу гадоў сярэдні ўкраінец успрымаў альянс, у адпаведнасць з савецкім і затым расейскім наратывам, як варожы і агрэсіўны пакт і важны інструмент дамінавання ЗША. Змена гэтага меркавання ішла з нарастаннем і канчаткова сфармавалася пасля грубага расейскага ўварвання.

Натуральным і лагічным дадаткам такой праграмы збліжэння з Захадам мае стаць уступленне ў Еўрапейскі Звяз, што ў канчатковым выніку стабілізуе міжнароднае становішча дэмакратычнай Беларусі.

Аднак асноўнай праблемай будзе рэакцыя Расеі на такую праграму. Для Расеі Беларусь не мае такой жа важнасці як Украіна, якая з'яўляецца часткай расейскай нацыянальнай міфалогіі і дэтэрмінантай статусу Расеі як звышдзяржавы. Беларусь для Расеі не толькі акно ў Еўропу, але і перадусім зона фундаментальнай стратэгічнай важнасці. У Маскве ўсё яшчэ культывуецца ўспамін пра тое, што войскі Польшчы, Напалеона і Гітлера, якія ішлі маршам на Маскву, праходзілі праз тэрыторыю Беларусі, хоць забываецца, што адзіная перманентная пагроза расейскаму суверэнітэту прыйшла з Усходу, ад мангольскай імперыі Чынгісхана.

Застанецца адкрытым пытанне, ці захоча Расея заблакаваць уваходжанне Беларусі ў НАТА, ужыўшы ўзброеную сілу, як было ў выпадку з Украінай. Аднак, калі такое адбудзецца, узнікае пытанне, ці будзе Беларусь гатовая да такога адказу, які далі ўкраінцы ў аналагічнай сітуацыі. Беларусь – краіна нашмат меншая за Украіну, з іншымі ўзроўнем самасвядомасці і гістарычным досведам. І няясна, ці захоча палітычны Захад падтрымаць Беларусь у яе няроўнай барацьбе, як было ў выпадку з Украінай.

Шмат што будзе залежаць ад таго, як скончыцца вайна ва Украіне, або, прынамсі, як скончыцца актыўная фаза супрацьстаяння, якой тады стане Расея і наколькі моцны будзе Захад з прычыны стомленасці ад вайны. Калі ў Расеі, нават пасля Пуціна, не зменіцца яе імперская і агрэсіўная палітыка, новае ўварванне, у Беларусь, мае высокую імавернасць, асабліва таму, што палітычны Захад будзе, пэўна, не ахвочы ўлазіць у яшчэ адзін канфлікт. Асобныя краіны, напрыклад Польшча, магчыма, гатовыя да такога сцэнару, але гэтага, вядома, будзе недастаткова.

Найбольш аптымістычны варыянт, а менавіта вяртанне Расеі да ўсталявання рацыянальных стасункаў з Захадам, малаімаверны, хоць і не выключаны. У такой сітуацыі неўнікнёнае супрацьдзеянне Расеі ўваходжанню Беларусі ў НАТА магло б абмежавацца спрэс палітычнымі або эканамічнымі захадамі. Аднак застаецца пытанне, што калі зменшыцца небяспека агрэсіі Расеі, ці не будзе пераважаць у шмат якіх краінах той пункт гледжання, што не варта напружваць стасункі з Расеяй, якая змяняецца палітычна, і згаджацца на ўключэнне Беларусі ў альянс.

Другі магчымы варыянт — гэта захаваць сувязі з Расеяй, але дакладна перафармуляваць іх з тым, каб захаваць суверэнітэт, нацыянальную ідэнтычнасць і добрыя магчымасці для эканамічнага і цывілізацыйнага развіцця. Гэта азначала б, з аднаго боку, адмову ад стварэння адзінай саюзнай дзяржавы з Расеяй, аднаўленне палітычных кантактаў з Захадам, адкрыццё эканомікі для замежных інвестыцый і аўтаномнасць абароннай галіны. З другога боку, захаванне мытнага звязу з Расеяй і прыняцце пагаднення, якое рэгулюе прынцыпы супрацоўніцтва і гарантуе Расеі яе фундаментальныя інтарэсы ў галіне бяспекі.

Цяжка паверыць, аднак, што нават пры такім фармальным аслабленні сувязяў з Расеяй знікне небяспека павольнага ўзнаўлення цяперашняй (саюзнай) дзяржавы і працягу папярэдняй палітыкі ператварэння Беларусі ў русіфікаваны суб'ект Расейскай Федэрацыі. Давайце ўспомнім, што ў зборніку "Галасы з Расеі" адзін з найболей ліберальных і непрадузятых расейскіх мысляроў Герцэн напісаў у сярэдзіне 19-га стагоддзя, што "замест русіфікацыі беларусаў і літоўцаў гвалтам для дзяржавы больш эфектыўна пакінуць гэтыя змены часу і сіле рэалій... Менавіта так русіфікаваліся фіны ды іншыя плямёны".

Трэці варыянт — скапіяваць, з магчымымі мадыфікацыямі, тыя стасункі, якія мела Фінляндыя з Расеяй пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Паводле гэтай мадэлі Беларусь, як і Фінляндыя, дала б Расеі неабходныя гарантыі і абавязанні бяспекі, атрымаўшы наўзамен поўную свабоду ва ўнутранай палітыцы і эканамічным супрацоўніцтве з Захадам. Такая пастанова, на думку шмат якіх заходніх краін, імаверна, была б найлепшай, або, сказаўшы больш шчыра, самай зручнай і менш патрабавальнай для Захаду. Аднак яна, як і папярэдняя, можа стацца няўстойлівай. Урэшце Фінляндыя з важкіх прычын апынулася як у Еўрапейскай Уніі, так і ў НАТА.

Той выбар, які зробіць дэмакратычная Беларусь, стане вынікам вонкавай палітычнай сітуацыі на момант яго прыняцця. Ён таксама будзе залежаць ад палітычнай сітуацыі ўнутры краіны і ад таго, якую форму прымуць нацыянальная свядомасць і жаданні беларускага грамадства, а таксама ад цвёрдасці іх рэалізаваць. Мы ў Польшчы можам толькі спадзявацца, што такія жаданні будуць мець еўрапейскі характар, і што мы зможам апынуцца, разам з Беларуссю, у агульным еўрапейскім і атлантычным звязе нацый.

У 2004 годзе Валер Карбалевіч (якога я ўжо цытаваў) пісаў:

«У Беларусі ёсць адна важная з'ява ў грамадскай свядомасці. Парадаксальна, але ёсць дзве ідэі, якія на першы погляд цяжка пагадзіць: адсутнасць альтэрнатывы, акрамя інтэграцыі з Расеяй, і прызнанне беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэту. (...) З аднаго боку, большасць беларусаў мае ўстойлівы комплекс незакончанай нацыянальнай вартасці, няверу ў магчымасць захаваць нацыянальную ідэнтычнасць і інстынктыўнае імкненне ўліцца ў большую дзяржаву. Але з другога боку, яны не хочуць поўнага спынення сваёй беларускай дзяржаўнасці. Аптымальным варыянтам, які мог бы задаволіць значную частку беларускага электарату, было б прамежкавае становішча паміж поўным аб'яднаннем і поўнай незалежнасцю».

Беларускае грамадства сёння, вядома, не такое, як у 2004 годзе. Тым не менш, якія варыянты будуць адкрытыя і якія варыянты будуць абраныя, яшчэ невядома.

Мы ў Польшчы можам толькі трымаць пальцы скрыжаванымі і жадаць таго, што выбар ды імкненні беларусаў будуць еўрапейскімі і што мы зможам апынуцца разам з Беларуссю ў агульнай еўрапейскай і атлантычнай супольнасці нацый.

Януш Анышкевіч — выдатны польскі палітык. Ён скончыў матэматычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. У 1980-х гадах Анышкевіч быў прадстаўніком руху "Салідарнасць". Яго некалькі разоў арыштоўвалі ды інтэрнавалі. Пасля падзення камунізму ў 1989 годзе Анышкевіч стаў дэпутатам польскага Сэйма. Яго абіралі ў Сэйм з траўня 1989 года да 2001 года. Увесну 1990 года Анышкевіч стаў першым цывільным намеснікам міністра ў Міністэрстве абароны, дзе дамінавалі камуністы. Пазней Анышкевіч двойчы быў міністрам абароны: у 1992-1993 і 1997-2000 гадах. З 2004 да 2009 года ён быў сябрам Еўрапейскага парламента і быў абраны віцэ-прэзідэнтам парламента. Гэтую пасаду ён займаў з 2004 да 2007 года. Дарадца міністра нацыянальнай абароны ў 2010-2015 гадах.

Януш Анышкевіч актыўна займаўся справамі Беларусі. За сваю дзейнасць ён двойчы быў высланы з Беларусі ўладамі.

З 2004 года займае пасаду старшыні Рады Еўраатлантычнай асацыяцыі (Польшча).

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках