Зяленскі распавёў, на што разлічваюць ЗША пасля візіту ў Кіеў Уіткофа і Кушнера
1- 8.09.2026, 8:32
- 1,814
Прадстаўнікі Трампа прывезлі з сабою новыя ідэі.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа разлічвае, што Украіна і Расія ўзімку прымуць меры для зніжэння інтэнсіўнасці вайны і адновяць перамовы аб падпісанні мірнага пагаднення.
Пра гэта распавёў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, піша Axios.
Зяленскі падкрэсліў, што падчас сустрэчы з амерыканскімі прадстаўнікамі Стывам Уіткофам і Джарэдам Кушнерам у Кіеве абмяркоўваліся ўсе магчымасці для аднаўлення перамоваў Украіны з Расіяй пры пасярэдніцтве ЗША.
Паводле яго слоў, прадстаўнікі Трампа прывезлі з сабою «новыя ідэі», але ён не ўдакладніў, якія менавіта. Украінскі лідар сказаў, што ў ЗША прапануюць Украіне і Расіі перастаць наносіць удары па энергетычнай інфраструктуры. Гэта важна напярэдадні зімы.
У Белым доме спадзяюцца, што Кіеў і Масква ў выніку дасягнуць дамоўленасцяў, якія дазволяць ім перажыць зіму 2026/2027 гадоў без значнай эскалацыі. Уіткоф і Кушнер падчас сустрэчы з Зяленскім абмеркавалі і тэрытарыяльнае пытанне. Украінскі прэзідэнт лічыць, што гэтае пытанне «трэба вырашаць на сустрэчы лідараў».
На перамовах з амерыканскімі эмісарамі ў Кіеве быў не толькі Зяленскі, але і прадстаўнікі Еўропы. З імі прайшоў асобны раўнд перамоваў. У прыватнасці, у перамовах удзельнічалі дыпламатычны дарадца прэзідэнта Францыі Эманюэль Бон, дарадца па нацыянальнай бяспецы прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Джонатан Паўэл і дарадца федэральнага канцлера Германіі па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі Гюнтэр Заутэр.