Некаторым беларусам дазволілі не прыстагвацца ў аўтамабілі
3- 10.09.2026, 11:17
- 5,332
Змены ўступілі ў сілу з 10 верасня.
У Беларусі пашырылі пералік медыцынскіх супрацьпаказанняў, пры якіх вадзіцелям і пасажырам дазваляецца не прыстагвацца рамянямі бяспекі. У спіс дадалі пэўныя выпадкі пасля аперацый, буйныя пухліны на грудной клетцы і наяўнасць уростомы.
Змены прадугледжаныя пастановай Міністэрства аховы здароўя № 98 ад 27 жніўня 2026 года. Дакумент дапаўняе пералікі медыцынскіх супрацьпаказанняў, якія дзейнічалі з 2006 года.
Для пасажыраў дадалі тры новыя пункты: уростому, выведзеную ў левай падуздышнай вобласці; першыя 28 дзён пасля адкрытай аперацыі на грудной клетцы або ў брушнай паражніне, калі рана знаходзіцца ў зоне праходжання рамяня; а таксама пухліны на сцяне грудной клеткі памерам больш за 5 см, размешчаныя ў месцы, дзе прылегае рамень.
Тыя ж два апошнія супрацьпаказанні дадалі і для вадзіцеляў. Розніца толькі ў размяшчэнні уростомы — вадзіцелю дазваляецца ехаць непрыстагнутым, калі яна выведзеная ў правай падуздышнай вобласці.
Раней у пераліку ўжо значыліся цяжарнасць пасля 20-га тыдня, шэраг цяжкіх захворванняў скуры, дыхальных і сардэчна-сасудзістых сістэм, захворванні пазваночніка і цэнтральнай нервовай сістэмы, а таксама наяўнасць імплантаванага кардыястымулятара або іншых сардэчных прылад.
Пастанова Мінздароўя ўступіла ў сілу 10 верасня.
Нагадаем, за парушэнне правілаў выкарыстання рамянёў бяспекі вадзіцелю пагражае папярэджанне або штраф да адной базавай велічыні (45 рублёў). Пры паўторным парушэнні на працягу года штраф складзе ад дзвюх да пяці базавых велічынь — ад 90 да 225 рублёў.