У 43 гады памёр чэмпіён Беларусі па футболе Юрый Цыгалка
- 22.10.2026, 21:21
Шэсць гадоў таму не стала яго брата-блізнюка.
У ўзросце 43 гадоў памёр былы брамнік зборнай Беларусі па футболе Юрый Цыгалка. Пра яго смерць 22 кастрычніка паведаміў партал Football.by.
Прычына смерці пакуль не называецца.
За сваю кар’еру Цыгалка выступаў за мінскае і брэсцкае «Дынама», салігорскі «Шахцёр», а таксама за замежныя клубы. На ягоным рахунку — тры матчы за нацыянальную зборную Беларусі.
У 2004 годзе разам з мінскім «Дынама» ён стаў чэмпіёнам Беларусі. Таксама двойчы выйграў Кубак краіны.
У верасні 2026 года Цыгалка расказваў, чым займаецца пасля завяршэння футбольнай кар’еры. Паводле ягоных слоў, апошнія дзесяць гадоў ён працаваў у сферы грамадскага харчавання.
«У футболе, можа, і хацеў бы застацца. Але са здароўем былі праблемы. Патрэбная была аперацыя. Галоўным трэнерам ад пачатку быць не хацеў — гэта вар’яцкі стрэс, а працаваць з брамнікамі здароўе не дазваляе», — казаў былы футбаліст.
Ён расказваў, што раней меў некалькі ўстаноў грамадскага харчавання, але ў выніку вырашыў пакінуць адну, якой кіраваў самастойна.
У снежні 2020 года памёр брат-блізнюк Юрыя — футбаліст Максім Цыгалка. Яму было 37 гадоў. Максім таксама выступаў за мінскае «Дынама» і зборную Беларусі, а сярод аматараў камп’ютарных гульняў атрымаў вядомасць дзякуючы сімулятару Football Manager, дзе лічыўся адным з самых перспектыўных нападнікаў.