«Настаўніка інфарматыкі няма, настаўніца матэматыкі звольнілася»
2- 27.08.2026, 13:47
- 1,586
Беларусы абмяркоўваюць масавы адток настаўнікаў.
У каментарах пад адным з пастоў у Threads разгарнулася дыскусія пра сітуацыю з кадрамі ў беларускіх школах, дзе карыстальнікі дзеляцца трывожнай статыстыкай і асабістым досведам.
«Была ў сына на бацькоўскім сходзе (6 клас, Мінск). Настаўніка інфарматыкі няма, настаўніца матэматыкі звольнілася, будзе весці яе настаўніца пачатковых класаў, 2-я змена да 19:30. Чым далей у лес, тым болей дроў», — піша беларуска пад нікам kononchuk.julia
Іншая карыстальніца, pankevich14, прыводзіць канкрэтны прыклад: паводле яе звестак, з гімназіі ў адным з райцэнтраў за кароткі час звольніліся восем настаўнікаў — пры тым, што ў гэтым населеным пункце ёсць усяго дзве навучальныя ўстановы: гімназія і адна сярэдняя школа.
Яшчэ больш трывожную лічбу называе карыстальнік naudelphan — паводле яго дадзеных, з адной школы за лета сышоў 21 педагог. Пры гэтым ён з горкай іроніяй адзначае, што адміністрацыйны склад пры гэтым застаецца поўнасцю ўкамплектаваны.
Не абышлося і без крытычных каментарыяў на адрас самой сістэмы: карыстальнік vozhiksw з сарказмам выказаў здагадку, што для змяншэння нагрузкі на настаўнікаў цяпер будуць «даглядваць дзяцей на ўваходзе» — намякаючы на нядаўнія наваўвядзенні па даглядзе школьных сумак.
Аўтарка зыходнага паста kononchuk.julia ў адказ на каментары падкрэслівае: сам факт таго, што настаўнікі масава сыходзяць з прафесіі, ужо гаворыць сам за сябе — «нашто ж іх гнабіць, хай працуюць, а тое, што сыходзяць, — факт».