«Будуць плаціць 20 гадоў па 50 рублёў»
1- 27.08.2026, 13:21
- 1,700
Беларуска купіла турпуцёўку, але памылілася з выбарам фірмы.
Беларуска расказала ў Threads, што кампанія, у якой яна купіла турпуцёўку, ліквідуецца. І цяпер яна не ведае, як вярнуць грошы. Як высветлілася, гаворка пра «Дэйлі Турс». Гэта фірма сапраўды прыняла рашэнне аб ліквідацыі, а крэдыторам далі два месяцы, каб выставіць ёй рахункі, піша «Зеркало».
«Ніколі не магла падумаць, што ў Беларусі можна купіць тур у турагенцтве, а яны падалі на ліквідацыю. Рэальна вярнуць грошы?» — пацікавілася аўтарка допісу.
Яна таксама напісала, што тураператар не выходзіць на сувязь.
У каментарыях некаторыя прапаноўвалі «забыць» і пра тур, і пра грошы, іншыя ж спрабавалі параіць, як можна дзейнічаць у гэтай сітуацыі. Вось некаторыя з каментароў пад допісам:
«Падрыхтуйце патрабаванне крэдытора, звязвайцеся з ліквідатарам, сачыце, каб ліквідацыя не завяршылася».
«Турагенцтва ліквідуецца ці тураператар? Калі турагенцтва, то вам гэта ўвогуле ніякім бокам. Пасля поўнай аплаты тура абавязацельствы перад вамі — у аператара».
«Вы купілі ў тураператара, а не ў турагенцтва, юрыдычна гэта розныя рэчы, удакладняйце пытанне пра магчымасць фонду адказнасці тураператараў».
«Усё забудзьце. Напішыце заяву ліквідатару, далучыце свае выдаткі і чакайце выніку. Будзе суд. Потым вам паведамяць, што вы ў нейкай там чарзе. Хутчэй за ўсё, у чацвёртай. Бо 1, 2, 3 — гэта заробкі, падаткі, інваліды і г.д. І ў фірмы купа даўгоў і ніякай маёмасці. У выніку вам будуць плаціць па 50 рублёў. 20 гадоў».
«Якую тут людзі пішуць лухту, гэта неверагодна; калі юрыдычная асоба вам вінная і вы не першыя ў чарзе крэдытораў, забудзьцеся пра гэтыя грошы».
«Адно турагенцтва маім бацькам так „вяртае“ ужо шосты год».
У каментарыях беларуска таксама ўдакладніла, што гаворка пра «Дэйлі Турс». Гэта тураператар. Судзячы па старонцы ў сацсетках, кампанія вазіць падарожнікаў з Мінска і Магілёва ў Геленджык, Грузію і самапрагалошаную Абхазію.
18 жніўня гэтага года кампанія сапраўды прыняла рашэнне аб ліквідацыі. Тэрмін прыняцця прэтэнзій пазначаны — два месяцы. Гэта значыць, што на працягу гэтага часу крэдыторы (усе, каму фірма засталася вінная) павінны заявіць ліквідатару свае грашовыя і іншыя патрабаванні да кампаніі.