Беларусы абралі птушку года
2- 24.08.2026, 21:42
- 1,462
Гэта птушка мае адно з самых яркіх апярэнняў сярод усіх птушак Еўропы.
Птушку года — 2027 народным галасаваннем абралі ў Беларусі. Пра вынікі конкурсу распавялі ў тэлеграм-канале «Дзікая прырода побач».
У галасаванні ўдзельнічалі больш за 4000 чалавек на пяці платформах. Вынікі з кожнай з іх падсумоўваліся.
Большасць галасоў атрымала залатая шчурка — 2165. Менавіта яна ў наступным годзе заменіць сімвал цяперашняга года — чорнага бусла.
На другім месцы апынуўся чырок-трэскунак — 946 галасоў. Гэта невялікая пералётная качка, папуляцыя якой пастаянна скарачаецца.
Бронзу атрымала малая чайка з 533 галасамі. І зусім крыху не дацягнуў да трэцяга места вялікі баклан. За яго прагаласавалі 528 чалавек.
Другая назва залатых шчурак — пчалаедкі. Яна звязана з тым, што пасля працяглых дажджоў гэтыя птушкі любяць паляваць на пчол. Таксама яны харчуюцца асамі, чмялямі, лятучымі жукамі, страказамі і цыкадамі.
Злоўленае насякомае птушка б'е аб цвёрдую паверхню і старанна раздушвае, каб не быць ужаленай падчас праглынання. У жалючых насякомых адрывае брушка з жалам, а пасля праглынае.
Залатая шчурка лічыцца адной з самых ярка афарбаваных птушак Еўропы, і яе цяжка зблытаць з іншай.
Жывот блакітны, спіна і задняя частка шыі рыжа-карычневыя, крылы — змешаныя з гэтых двух колераў. Над жоўтым падбародкам праходзіць чорная палоска, што ідзе ад асновы дзюбы да вачэй. Птушка мае характэрную выгнутую дзюбу.
У Беларусі залатая шчурка занесеная ў Чырвоную кнігу і часцей сустракаецца на поўдні. Гэта цеплалюбныя птушкі, таму з кожным годам іх колькасць расце.
Шчуркі будуюць гнёзды ў кар'ерах. Важна своечасова выяўляць такія месцы і браць іх пад ахову.