Арменія ў бліжэйшы час падасць заяўку на ўступленне ў ЕС
1- 24.08.2026, 12:47
Усенародны рэферэндум па гэтым пытанні адбудзецца пасля ўзгаднення дарожнай карты з Бруселем.
Арменія ў бліжэйшы час афіцыйна падасць заяўку на сяброўства ў ЕС. Усенародны рэферэндум па гэтым пытанні адбудзецца пасля ўзгаднення дарожнай карты з Бруселем.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна падчас выступлення ў парламенце.
Па словах кіраўніка армянскага ўрада, працэс еўраінтэграцыі патрабуе значнай падрыхтоўчай працы, таму падрыхтоўка да агульнанацыянальнага плебісцыту пачнецца толькі пасля праходжання абавязковых працэдурных этапаў.
Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што рэферэндум па ўступленні ў ЕС адбудзецца пасля выканання дакладнай паслядоўнасці дзеянняў. Спачатку Ерэван афіцыйна падасць заяўку, пасля чаго атрымае рэакцыю і ацэнку ад Бруселя, а затым адбудзецца ўзгадненне агульнай дарожнай карты дзеянняў.
Пры гэтым канкрэтных тэрмінаў падачы афіцыйных дакументаў кіраўнік урада пакуль не назваў.
Улік знешнепалітычнага кантэксту
Пашынян падкрэсліў, што рашэнне пра рух у Еўрасаюз прымаецца з улікам знешнепалітычнага кантэксту і кансультацый з партнёрамі па ЕАЭС.
«Каб правесці рэферэндум, Арменія павінна звярнуцца з афіцыйнай заяўкай на ўступленне ў ЕС. Гэта працэс, які патрабуе значнага аб'ёму працы. І ў бліжэйшы час мы прыступім да гэтага працэсу, асабліва прыслухоўваючыся да заклікаў нашых калег па ЕАЭС», — заявіў ён.
У апошнія гады Ерэван паслядоўна паглыбляе супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам на фоне замарожвання адносін з блокам АДКБ.
Выступаючы ў парламенце, Пашынян падкрэсліў, што Арменія не мае намеру вяртацца ў АДКБ у бліжэйшыя пяць гадоў. Ён таксама дадаў, што будзе «вельмі задаволены», калі ў АДКБ прымуць рашэнне выключыць краіну з блока.