Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч праз месяц пасля аперацыі на сэрцы ўзяў удзел у богаслужэнні
- 24.08.2026, 9:45
80-гадовы іерарх здзейсніў першы пасля хваробы пастырскі візіт.
Архібіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч праз месяц пасля аперацыі на сэрцы і рэабілітацыі ўзяў удзел у богаслужэнні. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал Katolik.life.
80-гадовы іерарх здзейсніў першы пасля хваробы пастырскі візіт — у парафію ў Ракаве.
«Тут 23 жніўня адзначалі 30-годдзе парафіяльнага хору. З гэтай нагоды парафія запрасіла архібіскупа ўзначаліць урачыстасць у касцёле. Ён нават далучыўся да спеву хору», — паведаміў паблік.
Нагадаем, пра пагаршэнне здароўя Кандрусевіча стала вядома, калі ён не змог прыехаць на парафіяльнае свята ў Навалукомлі 25 ліпеня. Архібіскуп перадаў парафіі віншавальны ліст, у якім адзначыў, што паводле стану здароўя і па патрабаванні дактароў вымушаны заставацца пад наглядам.

26 ліпеня на свяце для пажылых людзей у кафедральным касцёле Мінска іерарх таксама не змог прысутнічаць — удзельнікам паведамілі, што ён у бальніцы.
Пазней стала вядома, што сітуацыя была сур'ёзная, але дактары своечасова выявілі сардэчную недастатковасць і прадухілілі новы інфаркт. Пасля паляпшэння стану 80-гадоваму іерарху зрабілі новую аперацыю на сэрцы. У жніўні яго выпісалі з бальніцы, і ён праходзіў рэабілітацыю ў Аксакоўшчыне.
Раней, у лютым 2023 года, архібіскуп Кандрусевіч перанёс аперацыю па выдаленні пухліны, а ў маі 2024 года яму зрабілі аперацыю на сэрцы пасля інфаркту. Святар праходзіў хіміятэрапію, а ў сакавіку 2025 года ён распавёў, што метастазы пайшлі ў лёгкія.
Тадэвуш Кандрусевіч займаў пасаду мітрапаліта Мінска-Магілёўскага з 2007 года, быў кіраўніком Касцёла ў Беларусі. Падчас пратэстаў 2020 года ён асудзіў улады за кроўпраліцце, гвалт і масавыя арышты, заклікаў да перамоваў з пратэстоўцамі. 31 жніўня 2020-га, калі Кандрусевіч вяртаўся ў Беларусь з Польшчы, памежнікі не дазволілі яму ўехаць у краіну без тлумачэння прычынаў, хоць ён грамадзянін Беларусі. На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Кандрусевіч нібыта «утаіў наяўнасць іншых грамадзянстваў, займаўся антыдзяржаўнай дзейнасцю і атрымаў нейкае заданне ў Варшаве». Яшчэ праз два тыдні ў МУС заявілі, што пашпарт Кандрусевіча прызналі «несапраўдным» з-за праверкі на прыналежнасць да беларускага грамадзянства, аднак самога грамадзянства яго не пазбавілі. У лістападзе Лукашэнка заявіў, што Кандрусевіч «ездзіў у Польшчу і атрымліваў кансультацыі, як разбураць краіну».
У снежні 2020-га ў Беларусі пабываў Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцці і перадаў Лукашэнку пасланне з просьбай вырашыць сітуацыю. Невзабаве нунцыятура паведаміла пра атрыманне інфармацыі, што перашкод для вяртання Кандрусевіча няма. Ужо праз два дні, напярэдадні Каляд, 24 снежня, архібіскуп вярнуўся ў Беларусь. А праз тыдзень, 3 студзеня 2021 года, абвясціў, што сыходзіць у адстаўку са сваёй пасады ў сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту. Месца мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі заняў Юзаф Станеўскі.
Цяпер Тадэвуш Кандрусевіч носіць тытул архібіскупа-эмерыта — так называюць святароў, якія ў сувязі з паважным узростам вызваленыя ад шэрагу сваіх штодзённых службовых абавязкаў.