Як лукашысты агаворваюцца пра вострыя праблемы, спрабуючы дэманстраваць аптымізм
1- 23.08.2026, 20:16
- 1,138
На прыкладзе дэфіцыту кадраў у медыцыне і не толькі.
Тэма кадравага голаду, асабліва ў глыбінцы, усё часцей трапляе на старонкі праўладнай прэсы. Праўда, пры гэтым аўтары такіх публікацый старанна згладжваюць вострыя куты: не гавораць пра сапраўдныя прычыны, што нарадзілі праблему, а то і ўвогуле спрабуюць дэманстраваць аптымізм, піша «Салідарнасць».
І ўсё ж, калі чытаць паміж радкоў, можна заўважыць, як прапаганда агаворваецца пра вострыя праблемы. Вось як, напрыклад, карэліцкая раённая газета «Полымя» апісвае першую сустрэчу з будучымі калегамі маладых медыкаў, што трапілі на адпрацоўку ў мясцовую бальніцу.

«У канферэнц-зале Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы ў той дзень было незвычайна шматлюдна. Выпускнікі медыцынскіх ВНУ і каледжаў — педыятры, псіхіятры, стаматолагі, фельчары — сабраліся тут, каб зрабіць першы крок у прафесію», — раёнка з першых радкоў выдае праблему з кадрамі заўвагай пра незвыклую шматлюднасць у ЦРБ.
А вось як аўтар апісвае атмасферу, у якой адбывалася пасвячэнне ў работнікі бальніцы. Галоўны ўрач Данута Скворода прапанавала навічкам распавесці пра сябе, пра хвалюючыя праблемы.
«Гэтымі словамі яна адкрыла сустрэчу, і напружанне ў зале пачало саступаць месца жывым, чалавечым зносінам», — піша выданне. Напружанне і нервовасць цалкам натуральныя ў падобных сітуацыях.
Але аўтар артыкула зноў робіць на гэтым акцэнт: «Пасля афіцыйнай часткі атмасфера разрадзілася. Хтосьці абменьваўся кантактамі, хтосьці ўдакладняў дэталі працоўнага графіка».
І зноў цытуе галоўнага ўрача, якая, мяркуючы па яе ж словах, выдатна дасведчаная пра цякучасць кадраў у сваёй бальніцы: «Няхай у кожнага застанецца маленькае напамінанне пра гэты дзень. Бо не важна, дзе ты будзеш працаваць праз год або дзесяць гадоў. Важна з кім, з якімі людзьмі ты пачынаў свой шлях. Гэта наш галоўны дэвіз».
Данута Скворода ведае, пра што кажа. Та ж раёнка паведаміла, што пытанні забяспечанасці кадрамі арганізацый і прадпрыемстваў раёна «закранаюцца фактычна на кожнай нарадзе» пры кіраўніку райвыканкама.
На нядаўнай планёрцы гаварылася пра тое, што «часцей за ўсё людзі звальняюцца па заканчэнні тэрміну дзеяння кантракта, па жаданні работніка, па згодзе бакоў, за прагулы, у сувязі з выхадам на пенсію».
У лютым гэтага года райвыканкам паведамляў, што працэнт замацавання маладых спецыялістаў, якія прыбылі на першае рабочае месца, нестабільны: 2023 год — 63 %, 2024-ы — 60 %, у 2025 годзе — 54,5 %.
У той жа ЦРБ, паводле свежых звестак, гэты паказчык складае 66%. І гэта пры тым, што маладым спецыялістам абяцаюць даплаты, льготы і дапамогу вопытных калег.