Караеў прагаварыўся
35- 8.07.2026, 15:36
- 43,804
Фота: nashaniva.com
Улады прызналі тое, пра што было прынята маўчаць.
Прымаючы афіцыйную дэлегацыю з Самаркандскай вобласці Узбекістана, кіраўнік Гродзеншчыны Юрый Караеў з усёй генеральскай прамалінейнасцю прызнаў наяўнасць балючай праблемы, піша «Салідарнасць»:
«Не сакрэт, што ў нас дэфіцыт рабочай сілы на вёсцы, а ў іх дэфіцыт працы. І таму я прапанаваў, што невялікую колькасць працавітых, цвярозых, тых, хто імкнецца зарабіць, мы гатовыя прыняць, каб яны ў нас папрацавалі».
Пры гэтым чыноўнік пастараўся папярэдзіць магчымую негатыўную рэакцыю на гэтую прапанову, заявіўшы, што «мы не збіраемся перагружаць вобласць і насельніцтва мігрантамі ні ў якім разе». Маўляў, у нас у краіне гэты працэс кантралюецца больш жорстка, чым дзе заўгодна.
Прызнанне экс-міністра МУС, які, сярод іншага, прыклаў руку да стварэння кадравага голаду (і не толькі на вёсцы), удаве красамоўнае.
Яго словы пра патрэбу ў цвярозых і тых, хто імкнецца зарабіць, працаўніках у цэлым характарызуюць сітуацыю ў галіне, якую мы назіраем не першы дзесятак гадоў. Ад добрага жыцця людзі масава не п'юць і не ўхіляюцца ад працы.
Ці можна выправіць становішча, завезшы ў краіну гастарбайтараў з Узбекістана? Наўрад ці. Дэфіцыт кадраў — толькі адна з многіх праблем. Галоўная з іх — неэфектыўнае дзяржаўнае кіраванне. Нядаўні візіт кіраўніка ў Уздзенскі раён, дзе яму падарылі цяля, паказаў, што прыватнік спраўляецца з надоямі і прывагамі не горш, калі не лепш.
Люстраны прыклад — бесслаўны вынік аграхолдынгу «Купалаўскае», прыпісанага да бізнес-імперыі Лукашэнкі. Яскравае сведчанне таго, што ні бюджэтныя ўліванні, ні апека чыноўнікаў не ратуюць тое, што па сутнасці з'яўляецца банальным калгасам.