3 верасня 2026, Чацвер, 8:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што насамрэч сказаў Такаеў

12
Што насамрэч сказаў Такаеў
Касым-Жамарт Такаеў

Класіка дыпламатыі.

Троххвіліннае відэа сустрэчы Касым-Жамарта Такаева з Уладзімірам Пуціным 25 ліпеня на расійска-казахстанскім бізнес-форуме трэба паказваць на факультэтах палітычных навук універсітэтаў і ў дыпламатычных акадэміях. За гэты кароткі час прэзідэнт Казахстана данёс да самых розных аўдыторый — у самім Казахстане, у Расіі і ў свеце — некалькі важных сэнсаў.

Такаеў размаўляе з партнёрамі, не зважаючы на асобы

Такаеў размаўляў з Пуціным на «яго», Пуціна, тэрыторыі — у Омску. Аднак тон звароту быў хутчэй такі, нібыта яны сустракаліся ў Астане. Больш за тое, Такаеў гаварыў вельмі ветліва, але трошкі павучальна, як старэйшы з малодшым, хоць два палітыкі практычна аднагодкі. Для прэзідэнта Казахстана, які дамогся магчымасці абірацца фактычна на другі сямігадовы тэрмін (яго цяперашні тэрмін «абнулены» парламентам), важна прадэманстраваць дома, што ён размаўляе з партнёрамі як абаронца нацыянальных інтарэсаў, не зважаючы на асобы.

Акрамя таго, маладыя казахстанцы схільныя сімпатызаваць Украіне, і за амаль пяць гадоў паўнамаштабнага ўварвання гэты трэнд распаўсюджваецца і на іншыя дэмаграфічныя групы. Відавочна, што Такаеў, які бачыць сябе лідарам краіны на доўгую перспектыву, не можа гэтага не ўлічваць.

Трамп і фон дэр Ляен — «за»

Прэзідэнт Казахстана ясна даў зразумець расійскаму суразмоўцу, што звяртаецца да яго на просьбу Еўропы і Злучаных Штатаў. Месэдж: Такаеў — фігура такога ўзроўню, што, умоўна кажучы, Макрон, фон дэр Ляен і Трамп просяць яго паўплываць на Пуціна, бо самі яны адчаяліся гэта зрабіць. То-бок ён можа сказаць Пуціну што заўгодна, а той не павінен крыўдзіцца — бо гэта меркаванне Трампа і іншых. Як кажуць, нічога асабістага.

У той жа час прэзідэнт Казахстана загадзя адкінуў ідэю пасярэдніцтва Астаны ў вырашэнні канфлікту з Украінай. Вялікі аб’ём эканамічных сувязяў з РФ робіць Казахстан не самым прыдатным медыятарам з пункту гледжання Украіны. Гэта добра ведаюць і Пуцін, і сам Такаеў. Менавіта таму заява пра нежаданне пасярэднічаць прагучала ў вуснах госця з Астаны прыкладна так: «Вы, Уладзімір, заварылі гэту кашу, вы яе і расхлёбвайце. Дапамогі не чакайце».

Хлусня Пуціна і праўда Такаева

А якую менавіта кашу заварыў расійскі дыктатар, на думку Такаева? «Гэта міждзяржаўны канфлікт, а не грамадзянская вайна». Месэдж: «Усе размовы пра «укранацыстаў», што выразалі мірных шахцёраў Данбаса, — хлусня. Расія напала на Украіну». «Нам незразумелыя прычыны канфлікту». Месэдж: «Да Пуціна няма даверу, яго рашэнні ірацыянальныя». «У Казахстане паважаюць украінскую мову і культуру». Месэдж: «Суверэнітэт Украіны — а значыць, і ўсіх суседзяў Расіі, уключаючы, натуральна, Казахстан, — не падлягае перагляду. Не чакайце прызнання вынікаў анексіі Крыму і іншых «ЛНР-ДНР» — ніколі».

«Добра было б «замарозіць» канфлікт і вярнуцца да Стамбульскай формулы перамоваў 2.0». Месэдж: «Трамп дасць Расіі яшчэ адзін шанец — але сам больш угаворваць Пуціна не будзе». Месэдж нумар два: «Я абмяркоўваю вайну з амерыканскай адміністрацыяй, і яна лічыць мяне надзейным і паважаным партнёрам».

«У вайне гіне генафонд двух брацкіх народаў», — заявіў Такаеў. Фармальна гэта нібыта ўраўнаванне адказнасці двух ваюючых бакоў. Але, улічваючы іншыя думкі Такаева і кантэкст, гэты месэдж я прачытаў так: «Вы губіце ўласную краіну». І дадатковы пасыл дадому, у Казахстан: «У нас мір, і я — яго гарант».

Класіка дыпламатыі

Ну і фінальнае «Казахстан лічыць Расію вялікай дзяржавай». Гэта класіка дыпламатыі, аналаг стандартнага заканчэння любога ліста да любога кіраўніка дзяржавы: «Прыміце, спадар прэзідэнт, запэўніванні ў маёй найглыбейшай пашане». Месэдж: ніякага месэджа, фармальнасць.

Шэраг расійскіх Telegram-каналаў назвалі прамову Такаева ў Омску рэакцыяй на фінансава-эканамічныя страты Казахстана з-за ўкраінскіх удараў па расійскай портавай інфраструктуры і тэрміналах, праз якія ідзе экспарт казахстанскіх вуглевадародаў.

Упэўнены, гэта троххвіліннае выступленне рыхтавалася загадзя і падтрымана Вашынгтонам і Бруселем. Касым-Жамарт Такаеў, як да яго Майя Санду, Нікол Пашынян і нават Ільхам Аліеў, даў ясна зразумець: Расія больш не можа прэтэндаваць на асаблівы палітычны ўплыў у суседніх краінах. Гэты працэс неадваротны і больш не залежыць ні ад расійскага дыктатара, ні ад тых, хто прыйдзе яму на змену.

Канстанцін Эггерт, «Нямецкая хваля»

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках