Новы комплекс у ЗША будзе выпрабоўваць да шасці гіпергукавых апаратаў адначасова
- 29.07.2026, 22:07
Не па чарзе, а адначасова.
Амерыканская кампанія Kratos Defense & Security Solutions датэрмінова завяршыла будаўніцтва новага комплексу на поўдні штата Індыяна. Яго задача — паскорыць выпрабаванні гіпергукавай зброі.
Аб’ект атрымаў назву Indiana Payload Integration Facility (IPIF). Яго кошт склаў 50 мільёнаў долараў. Паводле задумы, ён павінен стаць адной з ключавых пляцовак, дзе ствараецца самая сучасная ракетная тэхніка краіны.
Пра гэта піша Interesting Engineering.
Галоўная ідэя — паралельнасць. Раней з эксперыментальнымі апаратамі нярэдка працавалі па прынцыпе канвеера: адзін праходзіў праверку — і толькі пасля гэтага прыступалі да наступнага. Новы комплекс плошчай каля 6,3 тысячы квадратных метраў дазваляе адначасова збіраць, выпрабоўваць і рыхтаваць да палёту да шасці доследных узораў.
Тут інжынеры будуць выконваць поўны цыкл — ад складанай вытворчасці і зборкі да праверкі сістэм — яшчэ да таго, як апарат адправіцца на пускавую пляцоўку. У кампаніі разлічваюць, што гэта ліквідуе «вузкія месцы» і дазволіць часцей праводзіць гіпергукавыя выпрабаванні.
Гэты праект — яшчэ і значная інвестыцыя ў рэгіён. Kratos абяцае стварыць больш за сотню высокатэхналагічных працоўных месцаў са сярэднім заробкам звыш 80 тысяч долараў у год. Набор інжынераў, вытворчага персаналу і тэхнічных спецыялістаў ужо ідзе.
Майк Джонс, віцэ-прэзідэнт падраздзялення Kratos SRE, лічыць, што гэты аб’ект ліквідуе даўні прабел. Паводле яго слоў, гэта «нацыянальны актыў і крытычна важная інфраструктура, якая дазваляе хутка нарасціць тэмпы гіпергукавых выпрабаванняў у ЗША».