26 лiпеня 2026, Нядзеля, 12:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ад Калінінграда да Шпіцбергена: пяць сцэнарыяў, паводле якіх Крэмль можа нанесці ўдар па НАТА

2
Ад Калінінграда да Шпіцбергена: пяць сцэнарыяў, паводле якіх Крэмль можа нанесці ўдар па НАТА

Эксперты Атлантычнай рады назвалі найбольш верагодныя напрамкі.

24 лютага 2022 года Расія разгарнула паўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, разлічваючы на кароткую кампанію і падпарадкаванне ўсёй краіны. План праваліўся: Украіна аказала люты супраціў, і праз амаль чатыры з паловай гады вайна ператварылася ў зацяжную і крывавую бітву на знясіленне, якая цалкам змяніла сістэму бяспекі ў Еўропе.

Непасрэдным наступствам стала ўступленне ў НАТА Фінляндыі і Швецыі, з-за чаго Балтыйскае мора ўсё часцей называюць «возерам НАТА». На першы погляд, становішча крэмлёўскага дыктатара Пуціна надзвычай цяжкае, піша Ynet News. Страты Расіі ацэньваюцца прыкладна ў 400 000 забітых і каля 700 000 параненых і зніклых без вестак.

Большая частка сучасных танкаў знішчана — спачатку супрацьтанкавымі ракетамі, потым таннымі ўкраінскімі дронамі. Флот Чорнага мора страціў флагман і мноства караблёў і, па сутнасці, не адыграў вырашальнай ролі. Украіна ўсё часцей б'е ў глыб Расіі ўласнымі дронамі, наносячы сур'ёзную шкоду нафтавай інфраструктуры. Эканоміка пераведзена на ваенныя рэйкі: на абарону ідзе 42% бюджэту, амаль 7% ВУП.

Здавалася б, Пуціну лагічна шукаць выхад з вайны. Але, паводле звестак крыніц, звязаных з Крэмлём, ён настроены працягваць яе да дасягнення мэтаў і нават гатовы да эскалацыі, гаворыцца ў матэрыяле.

Чаму Пуцін адчувае сябе больш упэўнена, чым здаецца

Каб зразумець наступны крок Крамля, сітуацыю трэба бачыць вачыма самога Пуціна. З ягонага пункту гледжання, становішча Расіі далёка не адчайнае. Унутрыпалітычнага ціску, здольнага пахіснуць яго ўладу, фактычна няма: апазіцыя падаўлена, алігархі і сілавікі лаяльныя, грамадства апрацоўваецца прапагандай, якая падае вайну як «свяшчэнную» барацьбу супраць Захаду.

Расіяне, выхаваныя традыцыяй калектыўнай цярплівасці, пераносяць велізарныя страты без маштабных пратэстаў, піша СМІ.

Эканоміка не абрынулася, як чакаў Захад: у 2024 годзе яна вырасла на 3,4%. Расія самадастатковая па харчаванні і энергіі, валодае найбуйнейшымі запасамі рэсурсаў, збудавала «ценявы флот» з сотняў танкераў для абыходу санкцый і абапіраецца на падтрымку Кітая, Ірана і Паўночнай Карэі.

Акно, каб разбурыць «ілюзію стрымлівання» НАТА

Калі рэжым устойлівы, навошта Пуціну новая авантура за межамі Украіны? Аналітыкі лічаць, што ў ягоным мысленні сыходзяцца два фактары: тупік на ўкраінскім фронце і тое, што ён успрымае як гістарычныя расколіны ўнутры НАТА.

Патрабаванні ЗША да Еўропы рэзка нарошчваць абаронныя выдаткі, транзакцыйны падыход адміністрацыі Трампа і размовы пра скарачэнне амерыканскай прысутнасці ў Еўропе Пуцін можа палічыць шанцам.

Ён верыць, што заходні парадак можна разбурыць. Паводле яго разліку, калі Расія атакуе невялікі, ізаляваны ўчастак тэрыторыі краіны НАТА, а альянс не адкажа адзінай ваеннай сілай з-за страху перад ядзернай эскалацыяй або праз унутраныя разлады, тады пяты артыкул Статута акажацца пустой абяцанкай — і НАТА фактычна перастане існаваць.

Пра гэта папярэджвае даклад Атлантычнай рады аўтарства ваеннага эксперта Рычарда Хукера «Наступны крок Пуціна? Пяць сцэнарыяў расійскага нападу, да якіх павінна рыхтавацца Еўропа». У ім апісаныя пяць сцэнарыяў — ад найбольш рызыкоўнага для Масквы да найменш рызыкоўнага.

1. Сухапутны калідор у Калінінград (найвышэйшая рызыка). Расійскія сілы з Беларусі наносяць раптоўны ўдар праз Літву, каб злучыць асноўную тэрыторыю РФ з калінінградскім анклавам.

Гэта фізічна адрэзала б Літву, Латвію і Эстонію ад астатняй Еўропы, але амаль напэўна ўцягнула б у вайну моцнае войска Польшчы — рызыка для Пуціна велізарная.

2. Захоп шведскага вострава Готланд (сярэдне-высокая рызыка). Готланд у сэрцы Балтыкі называюць «непатапляльным авіяносцам». Кантроль над ім дазволіў бы Расіі парушаць марскія і паветраныя камунікацыі НАТА, размясціць радыёлакацыйныя станцыі і ракеты, што пагражаюць Стакгольму, і заадно «пакараць» Швецыю за ўступленне ў альянс.

3. Гібрыдная вайна на ўсходзе Эстоніі (сярэдняя рызыка). У раёне горада Нарва — большасць этнічных рускіх. Замест адкрытай вайны Масква магла б выкарыстаць «зялёных чалавечкаў», агентаў і прапаганду, справакаваць беспарадкі, захапіць будынкі і абвясціць «народную рэспубліку» — па крымска-данбасскім сцэнары 2014 года.

Захад апынуўся б перад нязручным пытаннем: ці гатовы ён ваяваць за невялікі горад, жыхароў якога падаюць як тых, што нібыта жадаюць далучыцца да Расіі.

4. Хуткі ўдар па Аландскіх выспах Фінляндыі (сярэдне-нізкая рызыка). Архіпелаг паводле міжнародных пагадненняў поўнасцю дэмелітарызаваны.

Раптоўны захоп марскім дэсантам даў бы Крамлю кантроль над важным праходам да Хельсінкі і Стакгольма і стаў бы балючым ударам па новым члене НАТА.

5. «Халодная пастка» Шпіцбергена (на думку аўтараў — найбольш верагодны). Шпіцберген (Свальбард) — аддалены арктычны архіпелаг Нарвегіі з асаблівым статусам: паводле дагавора 1920 года ён дэмелітарызаваны, а грамадзяне краін-падпісантаў маюць роўныя правы на пражыванне і гаспадарчую дзейнасць.

Расія дзесяцігоддзямі захоўвае там прысутнасць (пасёлак Барэнцбург) і рэгулярна абвінавачвае Нарвегію ў парушэнні дагавора — што нагадвае падрыхтоўку нагоды для будучых дзеянняў.

Аперацыя магла б прайсці ў некалькі этапаў: спачатку дыверсіі пераразаюць падводныя кабелі, асляпляючы Осла; затым спецназ пад выглядам турыстаў і рабочых захоплівае адзіны аэрапорт; далей цяжкія транспартнікі высаджваюць марскую пяхоту Паўночнага флоту, якая без супраціву бярэ пад кантроль порты і вузел спадарожнікавай сувязі.

За лічаныя гадзіны Расія разгарнула б сістэмы СПА і супрацькарабельныя ракеты, стварыўшы зону, куды НАТА не зможа ўвайсці без велізарных страт.

Затым — палітпсіхалагічная пастка: Масква абвесціць, што «часова» заняла выспы дзеля абароны сваіх грамадзян, і папярэдзіць, што спроба адбіць іх выкліча жорсткі адказ аж да прымянення тактычнай ядзернай зброі. Заходнія лідары, стомленыя ад вайны ва Украіне, будуць вымушаныя запытацца сябе: ці гатовыя яны рызыкаваць трэцяй сусветнай дзеля некалькіх мёрзлых выспаў.

Калі НАТА закалебаецца і абмежуецца санкцыямі замест ваеннага адказу, Пуцін даб'ецца, магчыма, найбуйнейшай стратэгічнай перамогі: пяты артыкул будзе выкрыты як пустая абяцанка, а альянс пачне распадацца.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках