Беларуская нявеста захацела узяць трайное прозвішча
11- 26.07.2026, 12:35
- 2,448
Але ў ЗАГСе не дазволілі і патлумачылі, чаму.
Незвычайная сітуацыя ўзнікла ў маладой пары з Бярэзінскага раёна. Нявеста захацела насіць трайное прозвішча, але ў ЗАГСе ёй не дазволілі. Яе хлопец здзівіўся, чаму так, і звярнуўся з гэтым пытаннем да начальніцы ўстановы. Пра гэта паведаміла выданне «Бярэзінская панарама».
Па словах жаніха, калі яны падавалі заяву ў ЗАГС, нявеста пазначыла, што хацела б насіць трайное прозвішча. Але ёй адмовілі.
— Хіба гэта правільна? У яе цяпер паводле пашпарта падвойнае прозвішча (ад папярэдняга шлюбу). Мы чулі, што паводле заканадаўства можна браць падвойнае прозвішча пры рэгістрацыі шлюбу. І, калі ўлічваць, што ў яе цяпер падвойнае прозвішча, то плюс маё, [выхадзіць, трайное], — апісаў сітуацыю жыхар Бярэзінскага раёна. — Ну, то-бок можна тады…
Начальніца аддзела ЗАГСа Наталля Белоус з логікай мужчыны не згодная. Яна патлумачыла, што пры заключэнні шлюбу сям'я можа ўзяць агульнае прозвішча або дабрачнае кожнага з сужэнцаў. Пры гэтым пара або хтосьці адзін мае права запісаць сябе пад падвойным прозвішчам, якое складаецца з дабрачных прозвішчаў маладых.
— Калі падвойным прозвішчам жадаюць называцца абодва сужэнцы, па іх згодзе будзе вызначацца, з якога шлюбнага прозвішча яно будзе пачынацца (шляхам далучэння прозвішча аднаго з сужэнцаў да прозвішча другога), — распавяла спецыялістка. — А вось злучэнне больш чым двух прозвішчаў не дапускаецца. Калі да ўступлення ў шлюб ваша жонка ўжо мела падвойнае прозвішча, то па яе згодзе будзе вызначацца, з якой складовай часткі дабрачнога прозвішча будзе складацца новае прозвішча (арт. 21 Кодэкса аб шлюбе і сям'і).
Наталля Белоус паведаміла, што прысваенне трайнога прозвішча пры заключэнні шлюбу заканадаўствам не прадугледжана.