У Белавежскай пушчы знайшлі грыб, які ператварае іншыя грыбы ў «зомбі»
- 25.07.2026, 11:57
- 1,186
Вонкава ён падобны на чалавечы мазг.
У Белавежскай пушчы ўпершыню за ўсю гісторыю назіранняў выявілі рэдкі грыб-паразіт з роду Syzygospora. Ён паражае іншыя грыбы, захоплівае іх клеткі і ператварае плодавае цела ў мудрагелістыя нарасты, якія нагадваюць мазг. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе запаведніка.
Незвычайную знаходку зрабілі навуковыя супрацоўнікі нацыянальнага парку «Белавежская пушча». Яны ўпершыню зарэгістравалі на тэрыторыі запаведніка грыб-паразіт з роду Syzygospora, які раней тут не сустракаўся.
Гэты грыб паразітуе на лясных грыбах роду Gymnopus. Пасля заражэння ён пранікае ў тканкі гаспадара, выдзяляе рэчывы, што змяняюць рост яго клетак, і прымушае плодавае цела разрастацца ў выглядзе васкападобных нарастаў, якія нагадваюць чалавечы мазг. У выніку заражаны грыб ператвараецца ў своеасаблівую «фабрыку» па вытворчасці спор паразіта.

Даследчыкам удалося зафіксаваць увесь працэс. На першым этапе на шляпцы грыба з’яўляюцца невялікія васковыя бугаркі — гэта першыя прыкметы заражэння. Пазней паразіт цалкам захоплівае гаспадара, і звычайны пласцінчаты грыб ператвараецца ў бяскформенную зморшчаную масу.
Пакуль вучоныя вызначылі знаходку толькі да роду. Каб устанавіць дакладны від, спатрэбяцца мікраскапічныя і генетычныя даследаванні. Не выключана, што ў Белавежскай пушчы выявілі аднаго з надзвычай рэдкіх або нават маладаследаваных прадстаўнікоў Syzygospora.