У Эстоніі разгарэўся скандал з-за рэкламы мяса з намёкам на «падсмажаных» расіян
28- 24.07.2026, 5:59
- 13,206
Што кажа кампанія.
Эстонская кампанія Rannarootsi Lihatööstus, адзін з найбуйнейшых вытворцаў мясной прадукцыі ў краіне, апублікавала на сваёй старонцы ў Facebook рэкламны пост, у якім некаторыя карыстальнікі ўгледзелі намёк на «падсмажаных» на грылі расіян.
Пра гэта паведамляе ERR.
На выяве двое мужчын з украінскімі сцягамі на рукавах футболак смажаць мяса на фоне слупоў дыму, што падымаюцца.
Рэкламу прадукцыі суправаджае слоган на эстонскай мове: «Õige grill muudab kibeda sibula magusaks» («Правільны грыль робіць горкую цыбуліну салодкай»).

Як адзначае ERR, частка карыстальнікаў сацсетак убачыла ў публікацыі намёк на вайну РФ супраць Украіны і праявы мовы варожасці. Журналісты паведамляюць, што больш за ўсё спрэчак выклікала слова sibul (цыбуля). У пэўным размоўным кантэксце яно можа ўжывацца як пагардлівая мянушка рускамоўных жыхароў Эстоніі.
Выканаўчы дырэктар і член праўлення Rannarootsi Lihatööstus Кармо Аксель заявіў, што кампанія не ўкладала ў рэкламу ніякага палітычнага падтэксту або варожага сэнсу.
«Гэта наўпрост звязана з нашым прадуктам і яго інгрэдыентам — карамелізаванай цыбуляй. Тэкст датычыць менавіта гэтага прадукту», — сказаў ён.
На пытанне, ці ведалі ў кампаніі пра існаванне іншага значэння слова sibul, Аксель адказаў, што даведаўся пра гэта ўжо пасля публікацыі.
«Цяпер я больш пра гэта дасведчаны. Але, ствараючы гэты пост, я меў на ўвазе менавіта прадукт. Не было намеру шукаць тут канфлікт», — адзначыў ён.
Пэўныя пытанні выклікала і візуальная складовая рэкламы, у прыватнасці слупы дыму на заднім плане і ўкраінскія сцягі. Аксель кажа, што гэты вобраз быў натхнёны актуальнай навінавай павесткай.
«Выява адлюстроўвае рэальную сітуацыю сённяшняга дня, якую мы бачым у навінавай стужцы. Кожны дзень у навінах мы назіраем гэтыя слупы дыму. Адсюль і з'явіўся гэты вобраз», — растлумачыў ён.
Кампанія таксама адхіляе сцверджанні пра тое, што рэклама была скіраваная супраць якой-небудзь нацыянальнай групы.
«Наша публікацыя ніякім чынам не была скіраваная супраць якой-небудзь нацыянальнасці, што жыве ў Эстоніі. Тэкст датычыць прадукту, а выява адлюстроўвае сённяшнюю медыярэальнасць. Гэта проста спалучэнне двух элементаў. Мы не імкнуліся справакаваць канфлікт з дапамогай гэтай рэкламы», — падкрэсліў выканаўчы дырэктар.
Нягледзячы на хвалю крытыкі і заклікі да байкоту прадукцыі, кампанія пакуль не збіраецца выдаляць публікацыю.
«Яна ўжо жыве сваім жыццём. Які цяпер сэнс яе выдаляць?» — адзначыў Аксель.