Услед за складамі Wildberries Украіна атакавала аб’екты найбуйнейшага ў Расіі вытворцы мяса
39- 22.07.2026, 14:28
- 32,656
На адным з прадпрыемстваў — сур'ёзныя пашкоджанні і пажар.
Узброеныя сілы Украіны (ЗСУ) уначы на 22 ліпеня атакавалі аб’екты аграхолдынгу «Міраторг» у Клімавскім раёне Бранскай вобласці. На адным з прадпрыемстваў у выніку абстрэлу сур'ёзныя пашкоджанні атрымалі вытворчыя карпусы, таксама адбылося ўзгаранне. «Страты істотныя. Пацярпелых няма», — паведамілі у прэс-службе кампаніі. На іншым аб’екце ахоўніка параніла асколкамі беспілотніка. Акрамя таго, на свінагадоўчым комплексе падчас налёту дронаў быў пашкоджаны кормавоз, які знаходзіўся на разгрузцы. «Транспартны сродак абязрухомлены. Вадзіцель не пацярпеў», — удакладнілі ў «Міраторгу».
Напярэдадні, 21 ліпеня, прадпрыемствы аграхолдынгу ў Бранскай вобласці таксама пацярпелі падчас атак ЗСУ. В. а. губернатара рэгіёна Ягор Кавальчук адзначыў, што былі пашкоджаныя некалькі вытворчых карпусоў, а таксама знішчаныя два вялікагрузныя аўтамабілі. Інфармацыі пра пацярпелых не паступала. «Міраторг» з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам свініны і ялавічыны ў Расіі. Паводле сцвярджэння самой кампаніі, яна штодня вырабляе 30 тон прадукцыі і дастаўляе яе па ўсёй краіне. Аграхолдынгам валодаюць браты Аляксандр і Віктар Ліннікі, якіх звязваюць з жонкай экс-прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева.
Да гэтага ЗСУ пачалі наносіць удары па лагістычных цэнтрах найбуйнейшага расійскага маркетплэйса — Wildberries. 18 ліпеня атакам падвергліся склады ў Катоўску Тамбоўскай вобласці і падмаскоўнай Электрасталі. Загінулі восем чалавек, каля 80 пацярпелі. Успыхнулі моцныя пажары. 22 ліпеня пад удар трапілі комплексы ў Краснадары і Нявіннамыску. Паранены 13 чалавек. Рэгіянальнае ўпраўленне Распатрэбнадзора парэкамендавала жыхарам Краснадара радзей выходзіць на вуліцу і карыстацца рэспіратарамі з-за пажару на складзе Wildberries.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацвердзіў удары ЗСУ па аб’ектах расійскага маркетплэйса, назваўшы іх «далёкабійнымі санкцыямі». Ён таксама заявіў, што лагістычныя цэнтры былі задзейнічаныя ў забеспячэнні расійскай арміі камплектуючымі для дронаў, навігацыйным абсталяваннем і экіпіроўкай.
25 чэрвеня Зяленскі зацвердзіў для Службы бяспекі Украіны «40-дзённую аперацыю ўплыву» на Расію «з мэтай дамагчыся спынення вайны». Што пад гэтым маецца на ўвазе, ён не ўдакладніў. Аднак перад гэтым Зяленскі абмеркаваў «план далёкабійных санкцый, санкцыі сярэдняй дальнасці» і працу Цэнтра спецыяльных аперацый «Альфа» на фронце.