У Расіі сілавікі пачалі шукаць запасы бензіна ў гаражах і прыватных дамах людзей
18- 20.07.2026, 20:25
- 9,816
На ўладальнікаў такіх запасаў складаюць адміністрацыйныя пратаколы.
У Пскоўскай вобласці РФ на фоне дэфіцыту паліва сілавікі пачалі рэйды па выяўленні жыхароў, якія захоўваюць запасы бензіна ў гаражах і на тэрыторыі прыватных дамавалоданняў. Пра гэта 20 ліпеня паведаміла The Moscow Times са спасылкай на заяву губернатара рэгіёна Міхаіла Ведернікава.
Паводле яго слоў, праверкі праходзяць у муніцыпалітэтах, гаражных кааператывах і прыватным сектары. Улады заяўляюць, што падчас рэйдаў былі выяўлены выпадкі захоўвання вялікіх аб'ёмаў бензіна з парушэннем правілаў пажарнай бяспекі.
На ўладальнікаў такіх запасаў складаюць адміністрацыйныя пратаколы паводле арт. 20.4 КаАП РФ, якая прадугледжвае штраф да 15 тыс. руб. (да $191).
Ведернікаў таксама заклікаў жыхароў не захоўваць бензін і іншыя гаручыя вадкасці ў гаражах і падвалах, заявіўшы, што сітуацыя з палівам у рэгіёне нібыта паступова стабілізуецца.
Пры гэтым губернатар прызнаў, што праблемы з бензінам АІ-95 захоўваюцца ў большасці раёнаў вобласці. Найбольш складаная сітуацыя, паводле яго слоў, застаецца ў Вялікіх Луках і муніцыпалітэтах, дзе працуюць толькі запраўкі «Сургутнафтагаза».
Раней у рэгіёне ўвялі абмежаванні на продаж паліва: на частцы АЗС бензін адпускаюць па цотных і няцотных днях у залежнасці ад нумара аўтамабіля, а таксама дзейнічаюць ліміты на аб'ём пакупкі.
Ведернікаў заявіў, што «Сургутнафтагаз» пераразмеркуе пастаўкі бензіна АІ-95 у найбольш праблемныя раёны, а «Лукойл» павялічыў ліміт продажу паліва з 30 л да 40 л на аднаго пакупніка.
На фоне дэфіцыту паліва патрулі на аўтазапраўках раней пачалі працаваць і ў іншых рэгіёнах Расіі. Улады РФ звязваюць недахоп бензіна з наступствамі ўдараў па нафтаперапрацоўчай інфраструктуры. Раней Ведернікаў заяўляў пра «спекулянтаў».